7 верасня 1933 г. у Пінску пачала працу IV уніяцкая канферэнцыя. У ёй прынялі ўдзел 124 чалавекі, з …

7 верасня 1933 г. у Пінску пачала працу IV уніяцкая канферэнцыя. У ёй прынялі ўдзел 124 чалавекі, з іх 88 святароў, астатнія — семінарысты Пінскай духоўнай семінарыі. Найбольшая колькасць святароў з Пінска і Пінскай дыяцэзіі ды іншых беларускіх зямель — 45. Прывітанні ад грэка-каталікоў скіравалі біскуп Хамышын і мітрапаліт Шаптыцкі. На гэты раз сярод іх не было сталага ўдзельніка, першага протаігумена ўсходняй місіі айцоў езуітаў у Альбярціне а. Уладзіміра П’янткевіча, які пайшоў з жыцця 23 сакавіка 1933 г.

Адной з тэм, па просьбе ўдзельнікаў папярэдняй канферэнцыі, стала вывучэнне вучэння Праваслаўнай Царквы аб таінстве споведзі і абавязках пэнітэнтаў. Адхіленні ў практыцы праваслаўных (напрыклад, калектыўная споведзь) узнікалі ў выніку ўмяшання дзяржаўных чыннікаў у жыццё Царквы і ніколі не зацвярджаліся і не санкцыянаваліся прадпісаннямі. Айцец-рэдэмптарыст Васіль Велічкоўскі (абвешчаны блаславёным у 2001 г.) звярнуў увагу, што гэтыя адхіленні сталі прычынай таго, што неа-ўніяты, якія перайшлі з праваслаўя, звычайна маюць вельмі слабую або зусім не маюць падрыхтоўкі да споведзі. Аднак ён канстатаваў і раскрываў спрыяльны ўплыў добрай споведзі на развіццё ўніяцкай працы.

Красамоўным сведчаннем праблемы развіцця ўніяцкай акцыі на ўкраінска-беларускіх землях Польшчы стаў той факт, што практычна на 10-м годзе ад яе пачатку езуіт а. А. Дамброўскі паставіў мэтай свайго дакладу, абапіраючыся на пастановы Апостальскай Сталіцы, яшчэ раз падкрэсліць, што развіццё уніі ва ўсходнім абрадзе з’яўляецца воляй Рыма настолькі катэгарычна, што місіянерам пагражала нават суспенза (забарона свяшчэннадзеяць) за прымусовае перацягванне нез’яднаных праваслаўных у лацінскі абрад.

Па выніках сустрэч канферэнцыя пастанавіла, што святары-місіянеры павінны звяртаць асаблівую ўвагу на практыку споведзі як пасрэдніцтва ўмацавання уніі і росту хрысціянскага жыцця; пазнаваць сутнасць і дух візантыйскай культуры, каб выкарыстоўваць яе ў унійнай працы; старацца залучаць да акцыі новых душпастыраў, каб вырашыць праблему недахопу духавенства.

Канферэнцыя традыцыйна завяршылася набажэнствам ва ўсходнім абрадзе, якое ўзначаліў біскуп Мікалай Чарнецкі.