5 верасня – святых прарока Захарыі і праведнай Альжбеты, бацькоў прарока Яна Хрысціцеля«У дні Ірада…

5 верасня – святых прарока Захарыі і праведнай Альжбеты, бацькоў прарока Яна Хрысціцеля

«У дні Ірада, цара Юдэі, жыў адзін святар на імя Захарыя, з Абіявай чаргі. Ён меў жонку, з дачок Ааронавых, імя яе Лізавета. Яны абое былі справядлівымі перад Богам, беззаганна спаўняючы ўсе пастановы і прыказанні Госпадавы. Ды не мелі дзіця, бо Лізавета была няплоднай, а абое былі ўжо на схіле дзен сваіх. І сталася, калі ён адбываў службу святарскую перад Богам у сваей чарзе, па жэрабі, як была традыцыя ў святароў, выпала яму ўвайсці ў святыню Госпадаву для каджэння, а ўсё мноства народа ў час каджэння малілася звонку. І з’явіўся перад ім Анёл Госпадаў, стоячы па правым баку ахвярніка каджэння, дык Захарыя стрывожыўся, бачачы [гэта], ды [вялікі] страх ахапіў яго. Тады Анёл прамовіў да яго: «Не бойся, Захарыя, бо пачута маленне тваё, вось жа, жонка твая Лізавета народзіць табе сына, і назавеш яго Янам. Ды будзе табе радасць і пацеха, ды многія будуць радавацца з яго нараджэння. Ён будзе вялікім на віду Госпада, і не будзе піць віна і сіцэры, ды яшчэ ад улоння маці сваей будзе напоўнены Духам Святым, і многіх сыноў Ізраэля наверне да Госпада, Бога іх. І пройдзе перад Ім у духу і магутнасці Іллі, каб звярнуць сэрцы бацькоў да дзяцей, а непаслухмяных – да мудрасці справядлівых, каб падгатаваць Госпаду народ падрыхтаваны». І сказаў Захарыя Анёлу: «З чаго я магу гэта ведаць? Бо я стары, і жонка мая на схіле дзён сваіх». І, адказваючы, сказаў яму Анёл: «Я – Габрыэль, што стаю перад Богам, і пасланы гаварыць з табою і абвясціць табе гэтую радасную вестку. І вось, ты будзеш нямым ды не будзеш магчы гаварыць аж да дня, у які гэта здзейсніцца, таму што ты не паверыў словам маім, якія збудуцца ў свой час». І народ чакаў Захарыю, і дзівіліся, што ён так доўга марудзіць у святыні. Выйшаўшы, ён не мог да іх прамаўляць, дык пазналі, што ён бачыў з’яву ў святыні. А ён падаваў ім знакі і заставаўся нямым. І сталася, калі скончыліся дні службы яго, ён вярнуўся ў дом свой. А праз некалькі дзён жонка яго, Лізавета, пачала дзіця; і пяць месяцаў хавалася, кажучы: «Гэта ўчыніў мне Госпад у дні, у якія зірнуў на мяне, каб зняць ганьбу маю сярод людзей».» (Лукі 1:5-25)