8 ВЕРАСНЯ – СВЯТА НАРАДЖЭННЯ БАГАРОДЗІЦЫ1.Літургічны год у візантыйскай традыцыі адкрываюць і завярш…

8 ВЕРАСНЯ – СВЯТА НАРАДЖЭННЯ БАГАРОДЗІЦЫ
1.Літургічны год у візантыйскай традыцыі адкрываюць і завяршаюць два вялікія святы Маці Божай: Раство Багародзіцы 8 верасня і Яе Успенне 15 жніўня. Два святы, якія злучаюць літургічны цыкл у адной таямніцы Хрыста, а значыць, Найсвятой Дзевы Марыі і самой Царквы: – якая нараджаецца, як Дзева Марыя – жаданая і любімая Госпадам; – якая перажывае вялікія моманты жыцця з Госпадам Збаўцам; – якая, як і Марыя, у поўнай меры праслаўлена ў небе Госпадам, Які прымае яе ў славе.

2. У адным з тэкстаў Вячэрні візантыйскай традыцыі знаходзяцца паэтычныя вобразы: Дзева Марыя прадстаўленая як “месца” ўцелаўлення Слова, месца злучэння дзвюх прырод Хрыста: «Прыйдзіце, усе верныя, бяжым да Дзевы, бо вось нараджаецца Тая, што перад зачаццем ва ўлонні была вызначаная быць Маці Хрыста. Яна нарадзілася і Царква апранаецца ў сваю прыгажосць; завяршылася невыказная таямніца з’яднання прырод у Хрысце: пакланяючыся Яму, мы святкуем Беззаганнае Нараджэнне Дзевы».

3. Свята Нараджэння Багародзіцы звяртае нашую увагу на Збавіцеля – жыватворны Плод для хрысціян, Хрыста – Уцелаўлёнае Божае Слова. Гэтае свята ўпэўнівае нас, што мы заўсёды любімыя і збаўленыя Госпадам, праз заступніцтва Найсвятой Дзевы Марыі, Ягонай Маці.
Няхай Яна заступаецца за ўсіх нас, за нашыя сем’і, нашыя супольнасці, парафіі: каб Госпад Ісус Хрыстос шчодра блаславіў нас і даваў нам жыць і ўзрастаць у Яго волі.

Аўтар: +Уладыка Эмануіл (Нін), Апостальскі экзарх у Афінах