Прадметам абмеркавання сталі тэмы, якія кароль Жыгімонт III прапанаваў адразу пасля Берасцейскай уніі: сумеснага сіноду ўніятаў і праваслаўных і стварэння Кіеўскага патрыярхату. У 1625 г. мітрапаліт Язэп Руцкі атрымаў дазвол ад папы Урбана VIII (1623-1644) на скліканне кожныя чатыры гады сінода, месца і час якога мітрапаліт вызначаў сам.
6 верасня 1626 г. у Кобрыне мітрапаліт Язэп Руцкі збірае на сінод біскупаў, адміністратараў, генеральных вікарыяў, архімандрытаў і г.д. – усіх разам каля ста чалавек. Галоўнай мэтай кобрынскага сінода была падрыхтоўка да супольнага сінода з праваслаўнымі з мэтай аб’яднання. Былі запрошаныя таксама прадстаўнікі праваслаўнага боку. Аднак ніхто з запрошаных праваслаўных не прыехаў, і сінод прайшоў у вырашэнні пытанняў унутранага жыцця.
З боку Праваслаўнай Царквы намаганні па аб’яднанні двух «грэцкіх рэлігій» прыкладваў Мялецій Сматрыцкі, стараннямі якога ў 1627-1628 г. адбыліся два сіноды праваслаўных у Кіеве і Гарадку на Валыні, дзе абмяркоўвалася магчымасць аднаўлення еднасці ўсходняй Царквы ў Рэчы Паспалітай. Канчаткова справа з’яднання павінна была быць разгледжана на саборы 1628 г. у Кіеве, але пад ціскам казакоў і свецкіх сабор адхіліў погляды Сматрыцкага як неправаслаўныя і прымусіў яго адмовіцца ад ідэі царкоўнага адзінства.