14 верасня – свята Узвышэння Пачэснага і Жыватворчага Крыжа, Гэтае свята належыць да 12 вялікіх свя…

14 верасня – свята Узвышэння Пачэснага і Жыватворчага Крыжа, Гэтае свята належыць да 12 вялікіх святаў Усходняй Царквы

У аснову гэтага свята лягла падзея адшукання ў IV ст. Крыжа, на якім быў распяты Ісус. Згодна з традыцыяй, якая сягае IV стагоддзя, Крыж адшукала ў Ерусаліме св. Алена, маці імператара св. Канстанціна Вялікага. Датай адшукання Крыжа лічыцца 326 год.

Першапачаткова свята Узвышэння было часткай іншага, большага свята – асвячэння храму Уваскрасення Хрыстовага, які збудаваў св. Канстанцін Вялікі ў 335 годзе на месцы адшуканага Гробу Гасподняга.

Новапабудаваны храм павінен быў стаць галоўным ва ўсім хрысціянскім свеце і, па словах гісторыка IV стагоддзя Яўсевія Кесарыйскага, быў як бы прадвеснікам Новага Ерусаліма, што з’явіцца з другім прышэсцем Ісуса Хрыста. Калі месцам прабывання Бога ў Ерусалімскім храме быў каўчэг запавету, то ў храме Уваскрасення як «падножжа ног Божых» і ахвярнік ушаноўваўся Крыж, на якім быў распяты Ісус.

Іншай тэмай свята з’яўляецца ўшанаванне Крыжа як знака перамогі. Як праз з’яўленне Крыжа на небе Канстанцін перамог ворагаў і пачаў будаўніцтва Новага Ерусаліма і храма Уваскрасення, так і перад канчатковай перамогай Бога і пабудовай Нябеснага Ерусаліма знак радасці – Святы Крыж – будзе бачны на ўсе чатыры бакі свету. Так выглядае, што менавіта ў кантэксце ўспрымання Крыжа як знака перамогі адбываўся чын узнясення (узвышэння) Крыжа на 4 бакі свету.

З крыніцы V ст. даведваемся, што Асвячэнне храма адзначалася 13 верасня, а Узвышэнне Крыжа – на наступны дзень як пасвяцце свята Аднаўлення Храма. Аднаўленне храма Уваскрасення і звязанае з ім Крыжаўзвышэнне былі ў першую чаргу мясцовым святам ерусалімскай супольнасці, на якое сцякаліся шматлікія паломнікі. Толькі пасля заняпаду Ерусаліма з-за персідскага ўварвання і вяртання Крыжа імператарам Іракліем у VII стагоддзі свята Узвіжання распаўсюдзілася па ўсім хрысціянскім Усходзе і дасягнула Захаду.

Свята Узвышэння, адарванае ад кантэксту Ерусаліма і храма Уваскрасення, змяняе свае багаслоўскія акцэнты. У Канстанцінопалі свята Аднаўлення храма Уваскрасення становіцца другарадным і ператвараецца ў перадсвяцце Узвіжання. Менавіта Крыжаўзвышэнне паводле багаслоўскіх акцэнтаў набліжаецца да дня Вялікай Пятніцы і, верагодна, менавіта тады становіцца посным днём.

Тым не менш адной з цэнтральных тэмаў літургічных тэкстаў свята і сёння з’яўляецца ўзнясенне. Хрыстос узнёсся на Крыжы і дзякуючы гэтаму ён узносіць заняпалага чалавека ад смерці да Жыцця. Крыж ушаноўваецца як драбіна, па якой узыходзяць на неба, а ўзнясенне Крыжа апяваецца як вобраз Хрыстовага Ушэсця.