Госпад кажа: «Шчаслівыя галодныя і спраглыя справядлівасці, бо яны будуць насычаны» (Мц 5, 6). Гэты …

Госпад кажа: «Шчаслівыя галодныя і спраглыя справядлівасці, бо яны будуць насычаны» (Мц 5, 6). Гэты голад не патрабуе зямной ежы, гэтая прага не патрабуе зямнога напою, але чакае насычэння справядлівасцю, хоча ўнікнуць ва ўсе таямніцы і напоўніцца самім Госпадам.

Шчаслівы чалавек, які шукае такой ежы, прагне такога напою. І не прагнуў бы, напэўна, калі б ужо раней не пакаштаваў яго слодычы. Слухаючы Духа, Які прамаўляў праз прарокаў: «Пакаштуйце і ўбачце, які добры ёсць Госпад» (Пс 34, 9), – ён атрымаў як бы частку нябеснай слодычы і запалаў такой любоўю да гэтай найчысцейшай раскошы, што, пагардзіўшы зямнымі дабротамі, запальвае ў сабе жаданне спажываць і піць справядлівасць і адчувае праўдзівасць першай запаведзі, якая кажа: «Любі Госпада Бога твайго ўсім сэрцам тваім, і ўсёй душою тваёю, і з усіх сіл тваіх» (Дрг 6, 5). А любоў да Бога – гэта нішто іншае, як любоў да справядлівасці.

Як любоў да Бога звязана з любоўю да бліжняга, так і прага справядлівасці спалучана з дабрадзейнасцю міласэрнасці. Таму сказана: «Шчаслівыя міласэрныя, бо яны спазнаюць міласэрнасць» (Мц 5, 7).

Прызнай, хрысціянін, узнёсласць сваёй мудрасці, пазнай, якімі шляхамі, да якіх узнагародаў ты пакліканы. Міласэрнасць хоча, каб ты быў міласэрным, Справядлівасць – каб быў справядлівы. І гэта для таго, каб Стварыцель аб’явіўся ў сваім стварэнні, а Божы вобраз праз наследаванне адбіўся ў люстэрку чалавечага сэрца. Вера бяспечная, калі спалучана будзе з учынкамі; так споўняцца твае жаданні і ты навекі атрымаеш тое, што любіш.

Паколькі праз міласціну ўсё стане для цябе чыстае, то ты дасягнеш таксама і яго блаславення, якое Ісус абяцае ў словах: «Шчаслівыя чыстыя сэрцам, бо яны Бога ўбачаць» (Мц 5, 8).

Умілаваныя, наколькі ж шчаслівы той, каму падрыхтавана такая вялікая ўзнагарода! Што ж азначае мець чыстае сэрца, калі не стараннае імкненне да вышэй названых дабрадзейнасцяў? Які ж розум зможа зразумець, які ж язык зможа выразіць шчасце, якое вынікае з сузірання Бога. Але менавіта гэта стане лёсам перамененай чалавечай прыроды: «Бо цяпер мы бачым праз люстэрка, цьмяна, а тады – тварам у твар» (1 Кар 13, 12) убачым Бога, Якім Ён ёсць, Бога, Якога ніхто з людзей не мог убачыць. З невыказнай радасцю ўбачым, «чаго вока не бачыла, і вуха не чула, і не спазнала сэрца чалавека» (1 Кар 2, 9).

Св. Лявон Вялікі