16 верасня 1838 г. у с. Царкоўна Дрысенскага павета, дзе святаром быў брат І. Ігнатовіча – святара з Галоўчынскай царквы Полацкага павета, залічанага да ліку “ненадзейных”, адбыўся сход уніяцкага духавенства і народа.
Раніцай браты Ігнатовічы і святар Прыдруйскай царквы Г. Касецкі правялі святочную Літургію, пасля якой І. Ігнатовіч звярнуўся з прамовай, у якой заклікаў сялян трымацца ўніяцкай веры. Было падрыхтавана прашэнне да цара, якое падпісалі 111 святароў. Яны прасілі, каб іх пазбавілі цяперашняга духоўнага кіраўніцтва, дазволілі адкрыць друкарню і, калі унія будзе ўсё ж скасавана, перайсці ў каталіцтва.
Следства праводзіў полацкі ваенна-палявы начальнік падпалкоўнік Агатонаў. І. Ігнатовіч і А. Тамкавід былі арыштаваны і асуджаны на высылку. Ад 31 снежня 1838 г. да 12 студзеня 1839 г. да адказнасці было прыцягнута 29 святароў, некаторыя з іх адпраўлены ў манастыры, частка пераведзена ў дзякі.