16 верасня 1668 г. кароль Ян Казімір адрокся ад трона. Сойм, які сабраўся пасля таго, прыняў рашэнн…

16 верасня 1668 г. кароль Ян Казімір адрокся ад трона. Сойм, які сабраўся пасля таго, прыняў рашэнне прызнаць уніятам усе правы і прывілеі, нададзеныя ім папярэднімі каралямі, вярнуць усе цэрквы, манастыры і належную маёмасць, а па-над гэта вярнуць Пярэмышльскую епархію і Лішчынскую архімандрыю. Акрамя таго, да pacta conventa*, якое было накіравана на падтрымку ўніяцкага духавенства, быў дададзены ўступ пра праваслаўе, згодна з якім кароль абавязваўся пры першай магчымасці ўрэгуляваць рознагалоссі, якія ўзніклі ў выніку супрацьстаяння людзей “грэцкай рэлігіі”, і адначасова абяцаў “маёнткаў і духоўных пасадаў грэцкай Царквы не даваць нягодным людзям і не дазваляць такім асобам карыстацца імі пры адыходзе”.

На элекцыйным Сойме ў 1669 г. каралём быў абраны Міхаіл Вішнявецкі (1669-1673), які сваёй прысягай пацвердзіў вышэйзгаданы ўступ у pacta conventa. У тым жа годзе новаабраны кароль зацвердзіў усе прывілеі Уніяцкай Царквы і фармальна зраўняў у правах уніяцкае духавенства з рыма-каталіцкім.

Праваслаўныя таксама падалі сваю просьбу на элекцыйны сойм, у якой патрабавалі ліквідацыі Уніі, але маршал Фелікс Патоцкі не дазволіў абмеркаванне гэтай прапановы. На наступным Сойме ў 1670 г. яны ўжо пры дапамозе казакоў патрабавалі задаволіць іх просьбу. У адказ была ўтворана камісія з шасці чалавек, якая на Сойме 1671 г. адхіліла патрабаванне, а ўніятаў “пастанавіла пакінуць у спакоі”.

* Pacta conventa (лац. “агульнае пагадненне”) – дамова, якая з 1573 па 1764 г. заключалася паміж шляхтай Рэчы Паспалітай і новаабраным каралём пры яго “вольных выбарах”. Pacta conventa юрыдычна замацоўвала абавязак абранага караля паважаць законы Рэчы Паспалітай і вызначала яго абавязацельствы і абяцанні ў галіне міжнародных адносін, падаткаў, дзяржаўнага доўгу, узброеных сіл і г. д. Дакумент складаўся на элекцыйным сойме, і яго падпісанне кандыдатам у каралі было ўмовай абрання караля на трон.