Калі ў гэтым свеце, поўным небяспекі і цярпенняў, мы не заўважаем і не прызнаем Бога-Стварыцеля, бескарысным будзе нашае нараджэнне, нашае жыццё. Паколькі дзякуючы Божай ласцы мы прыйшлі ў свет, дзякуючы ласцы атрымалі хрост і ўвайшлі ў Царкву, і, стаўшы праз гэта вучнямі Госпада, мы носім Яго ганаровае імя, то навошта нам імя, пазбаўленае таго, што азначае? Калі б так было, то мы дарэмна прыйшлі ў свет, дарэмна належым да Царквы. Канешне, такая пастава азначала б адыход ад Госпада і Яго ласкі. Тады лепш было б не нараджацца, чым атрымаць ласку Госпада і зграшыць супраць яе.
Прыгледзьцеся да земляроба, які сее зерне на полі: у адпаведны час арэ зямлю, даглядае, аберагае каштоўнае зерне і не зважае на цяжар працы пад промнямі сонца. Калі надыходзіць час жніва, калі з’яўляюцца налітыя каласы, ён забывае пра цяжкасць працы і, поўны шчасця, цешыцца і радуецца. Калі ж каласы пустыя і няма нічога, акрамя саломы і пустазелля, земляроб успамінае цяжар працы і высілкі; яшчэ хутчэй пакідае і занядбоўвае поле, якое так старанна дагэтуль апрацоўваў.
Падобна свет для Госпада з’яўляецца глебай, мы, людзі, – нібы рыс, а ласка – вільгаць. Гэта Ён дзякуючы Уцелаўленню і Адкупленню абвадняе нас Сваёй крывёю, каб мы маглі ўзрастаць і спець. У дзень суда, калі настане час збіраць ураджай, той, хто дзякуючы ласцы будзе спелым, як усыноўленае дзіцё Божае, будзе радавацца нябеснаму валадарству; хто не будзе спелым, хоць быў ужо ўсыноўленым дзіцем, стане як непрыяцель і атрымае справядлівае пакаранне навекі.
Умілаваныя браты, ведайце тое, што наш Госпад, Ісус, прыйшоўшы ў свет, цярпеў розныя мучэнні. Праз сваю муку заснаваў святую Царкву і ўзрошчвае яе цярпеннем верных. Хоць сілы гэтага свету прыгнятаюць Царкву і змагаюцца з ёю, аднак ніколі яны не змогуць перамагчы яе. Пасля Узнясення, з апостальскіх часоў аж да сённяшняга часу, святая Царква ўсюды ўзрастае сярод уціску.
Аднак, як кажа Пісанне, Бог у сваім Провідзе клапоціцца пра найменшую валасінку на галаве. Таму, ці магчыма бачыць у гэтым пераследзе штосьці іншае, калі не загад Госпада, Яго ўзнагароду або, урэшце, Яго кару?
Таму паступайце згодна з Божай воляй, усім сэрцам змагайцеся пад кіраўніцтвам Ісуса, нябеснага правадыра, перамагайце сілы гэтага свету, ужо пераможаныя Хрыстом.
Прашу вас, не занядбоўвайце братняй любові, але дапамагайце сабе ўзаемна. Вытрымайце, пакуль Госпад не змілуецца над намі і не адхіліць цярпенняў.
Св. Андрэй Кім Тэагон