Да 1938 г. а. Фабіян узначальваў каталіцкую місію ўсходняга абраду ў Маньчжурыі і Кітаі (1929—1938). У 1938 г. удзельнічаў у пасяджэннях Генеральнай капітулы ордэна марыянаў у Рыме, пасля чаго паехаў у Навагрудак — наведаць родных, менавіта тут яго сустрэла вайна, а разам з ёй і савецкая ўлада.
Неўзабаве айцец адпраўляецца ў Львоў для сустрэчы з мітрапалітам Андрэем Шаптыцкім, адкуль ён збіраўся эміграваць на Захад. Усё было вырашанае загадзя: праваднікі былі надзейнымі людзьмі, месца пераходу — невялікая рэчка – была ўжо не раз правераная мясцовымі бежанцамі. Але а. Фабіян захварэў і вырашыў ехаць цягніком. Неўзабаве ён быў схоплены нямецкім патрулём, які адразу перадаў яго ў рукі савецкай улады, якая неадкладна адправіла яго ў турму.
Інтэлігентны пажылы святар з барадой здаваўся лёгкай здабычай, яму інкрымінавалі шпіянаж. Аднак адзінае абвінавачванне, якое ён прызнаваў: барацьба з атэізмам. Захаваліся сведчанні людзей, якія бачылі яго пакуты ў турме, сярод якіх, напрыклад, можна згадаць такое: «Мансеньёр Фабіян Абрантовіч амаль увесь час быў без прытомнасці пасля жудасных збіццяў падчас допытаў, а калі прыходзіў у сябе, то ўвесь час праводзіў у малітве».
Бутырская турма праглынула ў сваёй жахлівай пашчы а. Фабіяна Абрантовіча 2 студзеня 1946 г. У 2003 г. пачаты працэс яго беатыфікацыі.