Дзеянні Матулевіча апераджалі афіцыйны дазвол Апостальскага пасаду на ўнійную працу ў Віленскай дыяцэзіі. Праўда, не маючы такога дазволу, не мог ён арганізоўваць парафіі ўсходняга абраду, аднак стварыў манастырскія структуры, якія ў недалёкай будучыні маглі забяспечыць іх узнікненне і развіццё.
Матулевіч спяшаўся закласці фундаменты ўнійнай справы, паколькі адчуваў, што хутка будзе вымушаны пакінуць віленскі біскупскі пасад. Яго сімпатыя да літуанізацыі і беларусізацыі душпастырскай працы ўжо раней выклікала злосныя нападкі польскіх шавіністычных колаў. Цяпер жа да гэтага далучылася і дзейнасць сярод праваслаўных беларусаў, перспектыўны характар якой хутка і беспамылкова ацанілі польскія ўлады.
Пра гэта сведчыць архіўная дакументацыя. 5 лютага 1924 г. польскае Міністэрства веравызнанняў і публічнай асветы выразна патрабавала «спыніць дэпаланізацыю, якую на Віленшчыне і Наваградчыне праводзіць біскуп Матулевіч». Прадстаўнік гэтага міністэрства Бароўскі заявіў, што, паколькі ўнійныя мэты Каталіцкай Царквы не заўсёды згодныя з пастулатамі польскай дзяржавы, неабходна хутчэй выпрацаваць адпаведнае стаўленне да праваслаўя, якое, з увагі на яго традыцыйнае паслушэнства дзяржаўнай уладзе, можа быць выкарыстана як надзейны інструмент польскай палітыкі на ўсходніх крэсах. «Інтарэс Польшчы патрабуе змагацца з уніяй», – сказаў Бароўскі.
Варта падкрэсліць, што такія погляды выказваліся ў часе, калі на заходнебеларускіх землях не было яшчэ ніводнай уніяцкай парафіі. А гэта значыць, што прычынай непакою польскіх уладаў была сама толькі перспектыва нацыяналізацыі ўсходняга абраду.
Унійная акцыя на заходнебеларускіх землях пачалася ў 1925 г., з фармальнага дазволу Апостальскага пасаду. Пасля адклікання Матулевіча ў Віленскай дыяцэзіі гэтай акцыяй кіраваў новы архібіскуп Рамуальд Ялбжыкоўскі, а ў Пінскай – біскуп Зыгмунт Лазінскі, якія, як палякі, павінны былі забяспечыць інтарэсы Каталіцкай Царквы і польскай дзяржавы.