Чаму Боская Літургія – галоўнае богаслужэнне?Слова «літургія» ў перакладзе з грэцкага азначае агульн…

Чаму Боская Літургія – галоўнае богаслужэнне?

Слова «літургія» ў перакладзе з грэцкага азначае агульнае служэнне ці справу народа. З самага пачатку яно ўвасабляла дзве ідэі: удзел у грамадскай справе і рэлігійнае пакланенне. У старажытных Афінах літургіямі называлі павіннасці, якія добраахвотна бралі на сябе заможныя грамадзяне поліса, у тым ліку ў адносінах да арганізацыі культавых святкаванняў. У Старым Запавеце гэтае слова азначала служэнне святароў у Ерусалімскім Храме. У новазапаветныя часы слова “літургія” набыло значэнне дзейнага выражэння любові. Звяртаючыся да хрысціянаў горада Карынту з просьбай аб матэрыяльнай дапамозе ерусалімскім братам, апостал Павел гаворыць пра яе як пра «справу служэння», «літургію», выкананне якой «багатае многімі падзякамі Богу» (2 Кар. 9:12). Пачынаючы прыблізна з IV ст. літургіяй стала называцца хрысціянскае богаслужэнне, асноўнай часткай якога з’яўляецца Эўхарыстыя – таінства Святога Прычашчэння.

Літургія — галоўнае богаслужэнне Царквы, таму што ў яе цэнтры знаходзіцца Сам Бог, Які паслаў Свайго адзінароднага Сына Ісуса Хрыста, каб праз Яго быў збаўлены ўвесь свет. На Тайнай вячэры – апошняй трапезе перад Сваёй крыжовай смерцю – Ісус Хрыстос, узяўшы хлеб і чашу з віном і падзякаваўшы Богу, падзяліў іх паміж вучнямі і сказаў: «Гэта ёсць Цела Маё, якое за вас аддаецца; гэта робіце на Маю памяць… гэта чаша ёсць Новы Запавет у Маёй крыві, якая за вас праліваецца». Прытрымліваючыся гэтай запаведзі, з першых дзён існавання Царквы хрысціяне здзяйснялі «ламанне хлеба», «вячэру Гасподнюю», або Эўхарыстыю, падчас якой адбываецца яднанне з Хрыстом — «на адпушчэнне грахоў і жыццё вечнае».

З цягам часу ўзніклі розныя літургічныя традыцыі, аднак сутнасць літургіі застаецца нязменнай: гэта супольная справа Царквы, у якой чалавечая любоў да Бога (бога-служэнне) сустракаецца з дарам Божай любові — Самім Хрыстом, Які аддае Свае Цела і Кроў тым, хто верыць у Яго.

У пэўным сэнсе можна сказаць, што літургія – не галоўнае, а адзінае богаслужэнне, таму што ўсе астатнія царкоўныя службы накіраваныя да яе і знаходзяць у ёй сваё завяршэнне. А калі ўспомніць, што гэтае слова азначае і служэнне бліжняму, то літургіяй можна назваць усё хрысціянскае жыццё, мэта якога — служэнне Богу і бліжняму.