Як мы даведаліся пра Ісуса Хрыста? – Ад іншых людзей. А яны адкуль? – Таксама ад іншых. Мы, вядома, можам сказаць, што даведаліся з Бібліі, але яна не падае з неба ў рукі кожнаму асобнаму чытачу! Гэтая кніга таксама дайшла да нас праз многія пакаленні людзей, якія з глыбокай павагай яе перапісвалі, чыталі, тлумачылі, імкнуліся па ёй жыць. Вера ў Хрыста – гэта тое, што перададзена нам праз стагоддзі царкоўнай гісторыі людзьмі, якія захоўвалі гэтую веру, жылі па ёй і вучылі ёй сваіх нашчадкаў.
Мы можам атрымаць веру толькі дзякуючы гэтай плыні, якая бярэ свой пачатак у служэнні самога Хрыста і апосталаў і струменіцца праз стагоддзі і пакаленні, пакуль не дасягае нас. Мы называем гэты паток “Святой Традыцыяй” – “тым, што перадаецца”. Царква перадае, абвяшчае, тлумачыць і адстойвае сваю веру мноствам спосабаў:
– У тэкстах. Вядома, пачынаючы з Бібліі, але гэта менавіта толькі пачатак! Літургічныя тэксты, тлумачэнні Пісання, творы святых айцоў складаюць значную частку Традыцыі.
— У жывым досведзе царкоўнага богаслужэння. Кнігі вельмі важныя, але мы не можам быць хрысціянамі толькі па кнігах – трэба ўдзельнічаць у малітоўным жыцці Царквы.
– У таінствах. У іх Царква перадае збаўчую ласку Божую, без якой немагчыма хрысціянскае жыццё.
— У асабістым прыкладзе набожных хрысціян, і асабліва святых, якія паказваюць нам, як вера ў Хрыста можа і павінна праяўляцца ў нашым жыцці. “Тое рабіце, чаму вы ад мяне навучыліся, што атрымалі, што пачулі і што ўбачылі; і Бог супакою будзе з вамі” (Піліпцаў 4, 9).