У 1601 г. у Вільні была заснаваная “руская семінарыя”. Яна існавала на сродкі дабрадзеяў і прыбыткаў ад фальваркаў Пячэрск (Аршанскі пав.) і Таракань (Пінскі пав.). З яе сцен выйшаў шэраг значных дзеячаў Уніі, а між імі – некалькі мітрапалітаў і біскупаў. І. Пацей спрабаваў стварыць новыя ўніяцкія асветніцкія цэнтры ў Супрасльскім манастыры; у Слуцку; замяніць езуіцкі калегіум на ўніяцкую семінарыю ў Полацку.
Перашкодай на гэтым шляху стала фактычная адсутнасць дапамогі з боку ўладаў ды эліты, недахоп уласных рэсурсаў: сродкаў і адукаваных асоб. Кароль і вялікі князь Жыгімонт ІІІ Ваза дапамагаў уніятам “больш маральна, чым матэрыяльна”. З ліку ж магнатэрыі ВКЛ рэальную дапамогу ўніятам аказваў толькі канцлер Леў Сапега: выдзяляў храмам і манастырам фундушы, аказваў палітычную падтрымку.
Тым не менш, намаганні І. Пацея па стварэнню ўніяцкай адукацыі паступова пачалі даваць станоўчыя вынікі. Канец XVI – пачатак XVII ст. стаў пачаткам яе зараджэння, а выхаваныя ў гэты час кадры забяспечылі яе далейшае развіццё ў наступныя дзесяцігоддзі.