4 кастрычніка 1981 г. у Лондане памёр біскуп Чэслаў Сіповіч, першы беларускі грэка-каталіцкі біскуп…

4 кастрычніка 1981 г. у Лондане памёр біскуп Чэслаў Сіповіч, першы беларускі грэка-каталіцкі біскуп у XX ст., генеральны настаяцель Кангрэгацыі марыянаў, апостальскі візітатар беларусаў-католікаў у замежжы. У гэты дзень беларусы ў Лондане сабраліся адзначыць 10 гадоў Бібліятэкі імя Францішка Скарыны.

Гэта была нядзеля, дзень выдаўся наўздзіў прыгожы, цёплы й сонечны. Уладыка Чэслаў устаў рана, пайшоў памаліцца ў капліцу і падрыхтавацца да богаслужэння. Каля гадзіны 10-й раніцы пачалі збірацца госці. Капліца св. Пятра і Паўла ніколі яшчэ не бачыла гэтулькі людзей – беларусаў і іхных прыяцеляў – з Англіі, Францыі, Бельгіі, Нямеччыны, Польшчы, Злучаных Штатаў Амерыкі й Канады.

Літургія распачалася а 10.30 раніцы. Хор пад кіраўніцтвам Гая Пікарды спяваў вельмі прыгожа. Пасля Евангелля ўладыка прамовіў казань па-беларуску і па-англійску. Ён гаварыў аб праве кожнай нацыі развіваць свабодна дадзеныя ёй Богам таленты і такім чынам дасягнуць паўнаты свайго духоўнага патэнцыялу ў межах сваёй уласнай традыцыі.

Пасля Літургіі і наведвання бібліятэкі меў адбыцца прыём. Уладыка Чэслаў прывітаў прысутных і падзякаваў усім, хто сваёй ахвярнасцю і разуменнем важнасці справы зрабіў магчымым паўстанне, існаванне і развіццё бібліятэкі. Гэта былі ягоныя апошнія словы. Уладыка Чэслаў сеў, неяк асунуўся і знепрытомнеў. Выкліканая хуткая завезла яго ў шпіталь, дзе ён неўзабаве памёр ад масіўнага інфаркту.

Пахаванне біскупа Сіповіча адбылося 13 кастрычніка ў мясцовай каталіцкай царкве св. Альбана, бо капліца св. Пятра і Паўла не магла змясціць усіх, хто прыйшоў аддаць апошнюю пашану памерламу. Біскуп Сіповіч знайшоў супачынак побач з айцамі Гарошкам, Падзявам і Германовічам.

Уладыка Чэслаў памёр на 67-м годзе жыцця, 43 з якіх ён правёў далёка ад Беларусі. Як малады клерык і член марыянскага закону ён безумоўна марыў пра жыццё і працу святара на Бацькаўшчыне сярод свайго народу. Высяленне з Друі паклала канец гэтым спадзяванням. Праз чатыры тыдні пасля высялення ён прыняў прапанову змяніць абрад і ехаць у Рым, каб рыхтавацца да працы сярод расейцаў. Гэта здзівіла шмат каго, бо раней нічога не сведчыла пра ягонае зацікаўленне ўсходнім абрадам і наогул усходнехрысціянскім пытаннем.

Выезд у Рым стаў паваротным пунктам у ягоным жыцці. Вайну Сіповіч перажыў у Рыме, бесперашкодна працягваючы навуку. Тая ж вайна і пасляваенныя палітычныя абставіны не далі яму выехаць у Харбін. У Рыме Сіповіч меў шмат магчымасцяў пераканацца ў бяспраўным становішчы беларусаў у Царкве. Сустрэчы з беларускімі выгнанцамі пасля вайны, асабліва з айцамі Гарошкам і Татарыновічам, назаўсёды акрэслілі кірунак ягонай далейшай дзейнасці.