Гістарычная для ўсёй Усходняй Еўропы падзея адбылася ў катэдральнай царкве сьв. Мікалая ў Берасьці 18 (8) кастрычніка 1596 г., калі Кіеўскім мітрапалітам і ўладыкамі быў падпісаны акт Берасьцейскай уніі. Адбывалася гэта ў прысутнасьці рыма-каталіцкіх біскупаў і багасловаў, якія прысутнічалі на царкоўным саборы па даручэньні Папы Рымскага, і ў прысутнасьці афіцыйных прадстаўнікоў караля і сьвецкіх уладаў Рэчы Паспалітай.
9 кастрычніка біскупы, што не былі ў Рыме ў Папы, склалі прысягу і ў царкве перад народам была зачытана падпісаная напярэдадні грамата аб Уніі з Рымам. Два біскупы Кіеўскай мітраполіі (львоўскі і перамышальскі) гэтага не зрабілі.
У нядзелю, 20 кастрычніка (10 кастрычніка паводле старога календара) 1596 г. была ўрачыстая служба Божая ў катэдральнай царкве сьв. Мікалая з удзелам лацінскіх біскупаў і сьвятароў, пасьля якой была ўрачыстая працэсія ўладык і духавенства абодвух абрадаў у рыма-каталіцкі касьцёл Узвышэньня Сьвятога Крыжа, дзе адбыўся падзячны малебен.
Таму, фактычна ўрачыстае абвяшчэньне Уніі ў Берасьці было расьцягнута на тры дні 18-20 (8-10) кастрычніка, а сам акт Берасьцейскай уніі падпісаны 18 (8) кастрычніка 1596 г.
Дата падпісаньня ўладыкамі акту царкоўнай уніі і царкоўны сабор у Берасьці 18-20 кастрычніка 1596 г. – гэта ня ёсьць ДЗЕНЬ НАРАДЖЭНЬНЯ Грэка-Каталіцкай (Уніяцкай) Царквы, якая ёсьць спадкаемцай хрысьціянскай традыцыі і ўсяго таго, што было створана на нашых землях да царкоўнага падзелу ў 1054 г. (які наступіў у нас дэ-факта нашмат пазьней) і пасьля яго. Гэта толькі дзень АДНАЎЛЕНЬНЯ ў Кіеўскай мітраполіі ранейшага стану Царквы – стану еднасьці гэтай памеснай Царквы з Рымскай Царквой. Безумоўна, гэта было найперш рашэньне ярархіі, якая клапацілася пра захаваньне і будучыню сваёй Усходняй Царквы ў Рэчы Паспалітай у тагачаснай складанай геапалітычнай і царкоўнай сітуацыі.
Праўдай ёсьць таксама, што ў 1596 г. ня ўсе япархіі Кіеўскай мітраполіі аднавілі еднасьць з Рымам і Паўсюднай Царквой, а толькі пераважна тыя, што ахоплівалі беларускія землі. Дзьве япархіі – Львоўская і Перамышальская, уладыкі якіх на пачатку падтрымлівалі ўнійныя захады, але на саборы ў Берасьці адмовіліся браць у ім удзел, далучыліся да Уніі на стагоддзе пазьней.
На фота: грамата Берасьцейскай царкоўнай уніі; старажытнае Берасьце і катэдральная царква сьв. Мікалая; мітрапаліт Кіеўскі Міхаіл Раг