Субота перад святам Змітра – па традыцыі памінальны дзень. Гэтая традыцыя адсутнічае ва ўставах, перанятых Кіеўскай Царквой з Візантыі, а таму, хутчэй за ўсё, памінанне памерлых восенню ў сувязі са святам Змітра Салунскага ўзнікла ўжо на славянскіх землях.
Пытанне паходжання традыцыі памінання памерлых у кантэксце «Змітраўскай суботы» патрабуе дадатковых даследаванняў, і сёння гэтае пытанне абрасло пэўнымі міфамі. Найбольш распаўсюджаны міф аб тым, што прычынай устанаўлення гэтага дня з’яўляецца ўшанаванне памяці тых, хто загінуў у Кулікоўскай бітве пад правадырствам князя Дзмітрыя Данскога ў XIV ст.
На самай справе, такое сцвярджэнне неабгрунтавана, бо рускія крыніцы, якія прасочваюць існаванне Змітраўскай суботы як мінімум з XVI ст., не паказваюць ніякай сувязі асабіста з Дзмітрыем Данскім або з малітвай аб загінуўшых воінах. Замест гэтага гэты дзень з’яўляецца агульным днём памінання памерлых. Ідэя пра сувязь Змітраўскай суботы з Дзмітрыем Данскім распаўсюдзілася толькі ў XIX ст.
У Еўропе восень – час памінання памерлых. Акрамя рыма-каталіцкай традыцыі памінання памерлых 2 лістапада, існуе і традыцыя іншых славянскіх народаў, якія прытрымліваюцца візантыйскага абраду. Так моляцца балгары за памерлых у суботу перад Саборам святога Арханёла Міхала і іншых бесцялесных сіл (субота перад 8 лістапада).
Кожная субота ў візантыйскай традыцыі прысвечана святым і памерлым. У візантыйскім абрадзе існавалі таксама асаблівыя пахавальныя суботы, пра што мы маем адназначныя сведчанні з ІХ-Х ст. Натхненнем для суботы як памінальнага дня, хутчэй за ўсё, быў той факт, што менавіта ў Вялікую суботу Ісус спачыў у магіле. Таму субота, несумненна, традыцыйны і адпаведны дзень для памінання памерлых.
Эдуард Берднік