Стаўшы архібіскупам Полацкім, ён найперш збірае духавенства на сіноды, дзе падкрэслівае, што яны не падлягаюць суду свецкіх людзей, падмацоўваючы свае словы канонамі Усходняй Царквы. Язафат стварае правілы для святароў сваёй архіепархіі, заахвочваючы іх да малітвы і споведзі, а таксама да навучання людзей Ісусавай малітве.
Яшчэ адзін напрамак дзейнасці архібіскупа — адсуджэнне царкоўнай маёмасці ў свецкіх судах і пошук грошай на будаўніцтва Полацкага сабора, дах якога разбураўся.
Уладыку пераследуюць шматлікія паклёпы. Падчас рэстаўрацыі віцебскай катэдры іконы былі вывезены на рэстаўрацыю, а пайшла чутка, што архібіскуп ніколі не верне іх назад, каб навяртаць людзей у рыма-каталіцтва. Усе гэтыя чуткі былі створаны дзеля арганізацыі замаху на Язафата, які ўвянчаўся поспехам у Віцебску ў 1623 годзе.