КІМ АСАБІСТА ДЛЯ МЯНЕ ЁСЦЬ ПОСТАЦЬ СВЯТОГА ЯЗАФАТА КУНЦЭВІЧА?Латышаў ЦігранМой жыццёвы лёс складваўс…

КІМ АСАБІСТА ДЛЯ МЯНЕ ЁСЦЬ ПОСТАЦЬ СВЯТОГА ЯЗАФАТА КУНЦЭВІЧА?
Латышаў Цігран

Мой жыццёвы лёс складваўся такім чынам, што частку свайго жыцця я пражыў у г. Брэсце, у якім была прынята знакамітая царкоўная унія, а затым Бог дазволіў мне жыць у в. Быцень (Івацэвіцкі р-н). У гэтай вёсцы калісьці знаходзіўся адзін з багацейшых у Беларусі кляштарных комплексаў ордэна базыльянаў, а адным з першых настаяцеляў тут быў святы Язафат Кунцэвіч. Таму гэта постаць асабліва блізкая для мяне: Бог дазволіў маліцца і быць панамаром ў тым жа храме, дзе маліўся славуты святы зямлі беларускай.
Апошнім часам, у сувязі з развіццём экуменічнага дыялога, вельмі часта сустракаю спробы пераасэнсаваць тыя ці іншыя падзеі з жыцця святога Язафата праз прызму сучаснасці. Гэтыя розныя погляды на жыццё святога, выклікалі ўва мне пытанне: «А кім асабіста для цябе ёсць святы Язафат Кунцэвіч»? Для праваслаўных магчыма ён быў жорсткім захопнікам душ, фанатыкам Папы Рымскага і чалавекам які распаўсюджваў ерэтычныя (на іх погляд) ідэі Адзінай Царквы, што не зусім ім падабалася. Для беларускіх каталікоў ён вялікі святы, які прыводзіў нашых людзей да Каталіцкай Царквы. Гісторыкі ж разглядаюць і іншыя аспекты яго жыцця. Гэтыя пункты гледжання часам сутыкаюцца паміж сабой у палемічнай жарсці, і я асабіста быў сведкам таго, як яны зводзяцца да элементарных сварак.
Для мяне ж святы Язафат – гэта ўзор спроб знайсці еднасць паміж праваслаўнымі, пратэстантамі і католікамі. У маім жыцці вельмі часта сустракаліся людзі розных канфесій, асабліва шмат у мяне сяброў з розных пратэстанцкіх супольнасцяў, таму прыклад святога Язафата навучае і падбадзёрвае мяне заўсёды сведчыць аб тым, што паўната хрысціянскай ісціны і навучання знаходзяцца менавіта ў Каталіцкай Царкве, і менавіта Каталіцкая Царква мае паўнату ўсіх сродкаў, неабходных для атрымання збаўлення.
Таксама для мяне святы Язафат – гэта прыклад нястомнай працы на карысць Хрыстовай Царквы і добрага душпастырства. За гады кіравання святы Язафат фактычна змяніў аблічча беларускай Царквы, зрабіўшы яе жывой і здольнай дастойна служыць людзям і Богу. Стараннямі Кунцэвіча было адкрыта некалькі новых манастыроў. Такім чынам, архібіскуп Язафат Кунцэвіч спраўна выконваў свае пастырскія абавязкі.
Для мяне, як для будучага святара і чалавека, які ўжо служыць дарам навучання, Язафат Кунцэвіч ёсць эталонам прапаведавання – як у храмах, так і на вуліцах. Так, адукаваных пратэстантаў Язафат прывабліваў вытанчанасцю аргументаў, начытаных прыхільнікаў праваслаўя – добрым веданнем усходніх традыцый, простых мяшчан і сялян – строгай прыхільнасцю праваслаўю. Гэтым усім ён заваяваў пэўны аўтарытэт сярод сваіх верных і сярод іншых людзей (праваслаўных, рыма-католікаў, юдэяў і пратэстантаў).
Калі я вывучаў постаць святога Язафата, то знайшоў толькі адну яго «правіну»: ён не жадаў падзяляць намеры праваслаўных верных далей быць аддзеленымі ад Рыма. Не знайшоў я і абгрунтаваных звестак аб гвалце і жорсткасці полацкага архібіскупа. Язафат толькі культурна і дастойна свайго стану і пасады адстойваў свае законныя правы. Не знайшоў я і таго, каб Кунцэвіч дабіваўся чагосьці з дапамогай зброі, жаўнераў, арганізацый пагромаў праваслаўных, таксама і не заклікаў ён ніколі кагосьці забіваць.
Апошняе што вельмі надыхае мяне – гэта тое, як Язафат не баяўся прыняць мучаніцкую смерць. Мала дзе пра гэта гаворыцца, але архібіскуп, ведаючы стан насельніцтва Віцебска, разумеў, што ехаць туды было даволі небяспечна. Язафат не трымаў пры сабе войска, таму мог бараніцца толькі словам і малітвай. Мяне ўразіла і тое, што выязджаючы з Полацка, каб супакоіць Віцебск, ён загадаў загадзя прыгатаваць яму ў Полацку труну. Калі натоўп сабраўся каля плябаніі архібіскупа, то святы Язафат асабіста выйшаў да іх. Смелы ўчынак, і раздумваючы пра гэта, я пытаю ў сябе: «Ці змагу я таксама бараніць Хрыстову веру?»