15 лістапада пачынаецца Перадкалядны пост (Піліпаўка). З даўніх часоў свята Нараджэння Хрыстова ста…

15 лістапада пачынаецца Перадкалядны пост (Піліпаўка).

З даўніх часоў свята Нараджэння Хрыстова стаяла ў адным шэрагу са святам Хрыстова Уваскрасення. Таму і царкоўны ўстаў разглядае Нараджэнне Хрыстова, як другую Пасху. У старых тыпіках і богаслужбовых псалтырах пад 25 снежня ёсць запіс: «Пасха, свята трохдзённае». Таму, як вернікі малітвай і постам рыхтаваліся да свята Вялікадня, так і Калядны пост стаў для іх часам падрыхтоўкі да прыйсця Збаўцы.

Сімяон Салунскі († 1429) кажа: «Гэты саракадзённы пост падобны да посту Майсея, які пасціўся 40 дзён і начэй і прыняў скрыжалі Божых Запаведзяў. Будзем жа і мы посціць 40 дзён і прымем жывое Божае Слова, якое ўцелавілася з Дзевы, і прычасцімся Яго Цела».

Калядны пост стаў для Царквы таксама сімвалам малітваў і пастоў старазапаветных патрыярхаў і прарокаў, якія прагна чакалі на прышэсце Месіі. У нашай Царкве існуе старажытная традыцыя, паводле якой вернікі рыхтуюцца да свята Божага Нараджэння не толькі малітвай і постам, але і святымі таінствамі споведзі і Эўхарыстыі.

Святы Язафат у сваіх «Правілах для святароў» раіць заахвочваць вернікаў да споведзі падчас Піліпаўкі. Замойскі сінод (1720 г.) заахвочвае спавядацца не радзей трох разоў у год – на Вялікдзень, Успенне Багародзіцы і Нараджэнне Хрыстова.

У наш час Святая Царква змякчыла вельмі строгія пасты, якія былі раней, і пакінула іх хутчэй на волю вернікаў. Але гэта не значыць, што мы не павінны практыкаваць дух ахвярнасці, спакутавання і посту.

Няхай любоў Хрыста Госпада, дабро нашай душы і любоў да нашай святой традыцыі будуць для нас галоўнымі пабуджальнікамі, каб мы рыхтавалі сваё сэрца і душу да сустрэчы свята Божага Нараджэння малітвай, постам і святымі таінствамі. Будзем свядомымі, што праз шчырую і дбайную духоўную падрыхтоўку нашае сэрца стане годным таго, каб у ім нарадзіўся Ісус Хрыстос са сваёй ласкай, любоўю і супакоем.