Фларыян Грабніцкі – мітрапаліт Кіеўскі, Галіцкі і ўсяе Русі, архібіскуп Полацкі, біскуп Віцебскі, Мсціслаўскі, Аршанскі, Магілёўскі, апат Кіевапячэрскі, Барысаглебскі, Полацкі, папскі асістэнт.
Фларыян Грабніцкі (1683 — 18 ліпеня 1762) родам з полацкай шляхты Полацкага ваяводства. Яго бацька быў скарбнікам Віцебскага ваяводства.
У 1699 г. Грабніцкі ўступіў у манаскі ордэн базылянаў. Скончыў каталіцкую духоўную калегію ў Вільні, дзе ў 1707 г. атрымаў ступень магістра філасофіі, а ў 1710 – доктара багаслоўя. Да 1712 г. выкладаў філасофію ў Жыровіцкім манастыры, затым прапаведаваў у Полацку, быў настаяцелем у Віцебску і Вільні.
У 1716 г. стаў уніяцкім біскупам Віцебска, а ў 1717 г. Полацкім архібіскупам. Удзельнік Замойскага сінода (1720), дзе падпісаў яго рашэнні чацвёртым, адпаведна рангу. Уводзіў новы парадак у сваёй епархіі ў духу рашэнняў сінода. Займаўся рэфармаваннем ордэна базылянаў. Клапаціўся аб адукацыі кліру, апекаваўся ўніяцкімі сьвятынямі.
У 1727-1730 г. пабываў у Рыме, дзе пазнаёміўся з кардыналам Ламберціні, які стаў у 1740 г. Папам Рымскім Бенядыктам XIV і які прызначыў Грабніцкага асістэнтам папскага пасаду.
Намаганнямі Фларыяна ў 1738-1750 г. у Полацку на Верхнім замку быў адбудаваны ў стылі віленскага барока Сафійскі сабор, узарваны расейцамі ў 1710 г. падчас Паўночнай вайны (1700-1721 г.), і пабудаваны базылянскі манастыр.
Архібіскуп адыграў важную ролю ў змене сакральнай архітэктуры ў ВКЛ. Акрамя Сафійскага сабора на ўласныя сродкі ім было перабудавана некалькі найбольш значных святынь на тэрыторыі Полацкай епархіі, а таксама катэдральны сабор і царква Св. Мікалая ў Вільні.
З 16 снежня 1748 г. і да канца свайго жыцця Грабніцкі – мітрапаліт Кіеўскі, Галіцкі і ўсяе Русі.
Актыўны прыхільнік царкоўнай уніі 1596 г., ён праводзіў канфесійную палітыку, накіраваную на распаўсюд уніі сярод беларусаў і ўкраінцаў, процідзейнічаў пераводу ўніятаў на лацінскі абрад. Напісаў па гэтым пытанні нямала пратэстаў на імя караля і прашэнняў у Апостальскую Сталіцу. Патрабаваў рэлігійнай свабоды для ўніятаў у Расійскай імперыі.
У 1754 г. пасля смерці біскупа Гераніма (Ваўчанскага) беспаспяхова спрабаваў замацаваць за Уніяцкай Царквой Магілёўскую праваслаўную епархію. Неаднаразова звяртаўся з гэтым пытаннем у Варшаву і Рым. Аднак кароль Аўгуст III, не жадаючы сварыцца з Пецярбургам, адмовіў Фларыяну.
Памёр у 1762 г., быў пахаваны ў заходняй частцы Сафійскага сабора каля алтарнай апсіды. Яго труна знойдзена ў 1913 г. падчас рамонту сабора. У ім знаходзіліся рэшткі адзення і нагрудны крыж Грабніцкага. Затым замураваны ў тым жа месцы.
Аўтар: Уладзімір Цялежнікаў