Божы адказ на чалавечы грэх: абяцанне збаўлення
“Пакладу варожасць між табой і жанчынай, і нашчадкамі тваімі і яе нашчадкам; ён сатрэ галаву тваю, а ты будзеш джаліць пяту яго».” (Род. 3:15)
Гэты ўрывак з кнігі Быцця называецца «Протаевангеллем», таму што гэта было першае абвяшчэнне Месіі-Адкупіцеля — у словах пра барацьбу змея і жанчыны і пра канчатковую перамогу яе нашчадка. Чалавек пасля свайго грэхападзення не быў пакінуты Богам. Наадварот, Бог кліча яго (гл. Быц. 3, 9) і ў таямнічы спосаб прадвяшчае яму перамогу над злом і падняцце з бездані падзення.
Так, у момант найбольш драматычнага аддалення чалавека ад Стварыцеля адказам Бога з’яўляецца не вечнае адкіданне і пакаранне, але абяцанне збаўлення. Госпад у сваёй міласэрнасці з першай хвіліны людскога грэхападзення абвяшчае свой боскі план збаўлення, які ніхто і нішто ў свеце не можа спыніць або перакрэсліць.
Якая ж вялікая Божая міласць і якая бязмежная Божая міласэрнасць! З таго часу і на працягу стагоддзяў старазапаветны народ Божы, пакліканы захаваць веру ў адзінага праўдзівага Бога, захоўваў у сваім сэрцы і гэтае Божае абяцанне збаўлення. Народ чакаў на Месію – Вызваліцеля, які павінен быў увайсці ў гісторыю праз Жанчыну. Царкоўная традыцыя заўсёды бачыла ў гэтай абяцанай жанчыне Прачыстую Дзеву Марыю, а ў яе патомстве ўцелаўлёнага Сына Божага, які сатрэ галаву змею-спакусніку, званаму д’яблам і шатанам (Адкр. 12, 9). І як праз жанчыну — Еву — адбылося грэхападзенне, так зноў жа праз жанчыну — Марыю — павінна было прыйсці збаўленне. Усходняя Царква ў сваіх богаслужэннях справядліва называе Маці Божую «нябеснай лесвіцай, па якой сышоў Бог» і «мостам, які вядзе тых, што на зямлі, да неба» (Акафіст да Найсвяцейшай Багародзіцы).
Будзем заўсёды насіць у сэрцах нашых гэты чысты вобраз Бога – Айца, Які чыніць міласэрнасць і бласлаўляе, Які робіць усё, каб адчыніць нам уваход да неба, знішчаючы перашкоду, якую мы збудавалі нашымі грахамі і якую зруйнаваў Сын Божы ў Сваім целе: “Цяпер жа ў Хрысце Ісусе вы, што калісьці былі далёка, сталіся блізкімі праз Кроў Хрыстову. Бо Ён — супакой наш, Які злучыў абодвух у адно і зруйнаваў сцяну між імі і варожасць, целам Сваім… Дык таму вы ўжо не чужынцы і прыхадні, але суграмадзяне святых і члены сям’і Божай” (Эф. 2, 13-14. 19).
Малітва: Госпадзе, Божа наш! Славім Цябе і дзякуем за Тваю любоў, якая мацнейшая за чалавечы грэх! Дзякуем Табе, што ў адказ на нашыя правіны і грахі Ты не спасылаеш на нас патокі смертаноснага гневу, а выліваеш рэкі ласкі, міласэрнасці і літасці. Дзякуем Табе за выкананне абяцання збаўлення, якое здзейснілася дзякуючы велікадушнаму садзейнічанню Найсвяцейшай Дзевы Маці Божай! Няхай Яе святое Патомства – Госпад наш Ісус Хрыстос, сваёй ласкай дапамагае нам бясконца пераадольваць падступнасць і напады ворага-спакусніка ў нашым жыцці! Няхай Ён навучыць нас быць вернымі Табе, з Марыіным даверам кажучы ва ўсіх абставінах нашага жыцця: «Няхай мне станецца паводле Твайго слова!» (Лк. 1, 38).
Ул. Багдан Дзюрах