#НасустрачРаству. Нараджэнне Хрыста ў цені Галготы«Чуецца ў Раме голас ляманту, плач і галашэнне…»…

#НасустрачРаству. Нараджэнне Хрыста ў цені Галготы

«Чуецца ў Раме голас ляманту, плач і галашэнне…» (Яр. 31, 15).

Крыважэрны Ірад, да смерці напалоханы весткай аб нараджэнні ў Бэтлееме новага цара, смерцю нявінных вырашыў забяспечыць сваё далейшае праўленне. Ён ужо раней бязлітасна забіваў патэнцыйных прэтэндэнтаў на каралеўскі трон, разам з членамі сваёй сям’і. Цяпер жа, даведаўшыся, што мудрацы з Усходу вярнуліся іншым шляхам у родны край, поўны гневу, падымае руку на нявінных бэтлеемскіх немаўлят, спадзеючыся, што сярод іх будзе забіты і той таямнічы нованароджаны Месія – кароль Ізраіля.

Евангеліст Мацвей, узгадваючы роспачныя крыкі бэтлеемскіх маці, чуе ў гэтым крыку плач Ракелі, каханай жонкі старазапаветнага патрыярха Якуба, якая становіцца зборным вобразам маці, што аплаквае няшчасную долю свайго народу, пазбаўленага правоў, прыгнечанага, заведзенага ў чужынскую няволю: «Чуецца ў Раме голас ляманту, плач і галашэнне Ракелі, якая аплаквае сыноў сваіх і не хоча супакоіцца дзеля іх, бо няма іх» (Яр. 31, 15).

Але адначасова, нягледзячы на ​​слёзы маці Ракелі, прарок абвяшчае народу абяцанне збаўлення: “Гэта кажа Госпад: «Хай супакоіцца твой голас ад плачу і вочы твае ад слёз, бо ёсць узнагарода за працу тваю, — кажа Госпад, — і яны вернуцца з зямлі варожай. І ёсць надзея дзеля будучыні тваёй, — кажа Госпад, — і вернуцца сыны ў межы свае» (Яр. 31, 16-17).

У плачы прамаці ізраільскага народа Ракелі чуваць не толькі плач бэтлеемскіх маці, – у ім жалоба маці ўсіх часоў, якія аплакваюць няшчасную долю ўласнага народу, і асабліва – сваіх пазбаўленых жыцця сыноў і дачок. У ім – і плач маці па мільёнах ахвяраў галадамораў, па ненароджаных, пазбаўленых жыцця ва ўлонні ўласных маці, па ахвярах тэхнагенных катастроф, па тых, хто загінуў у гарніле войнаў, ад гвалту ўласных крыважэрных кіраўнікоў або агрэсіі суседніх дыктатараў. У плачы Ракелі — слёзы кожнай маці і кожнага бацькі, якія страцілі сваіх дзяцей і павінны жыць з неапісальным болем і тугой, з пачуццём бездапаможнасці перад абліччам бязлітаснай смерці.

І ўсё ж сляпы гвалт і бязлітасная смерць не будуць мець апошняга слова ў гісторыі людзей, народаў і ўсяго чалавецтва. Бо вось у нараджэнні Хрыста Збаўцы Бог дае ўсім гэтым згараваным і заплаканым бацькам і маці і ўсяму чалавецтву знак надзеі і абяцанне жыцця. Пройдуць гады, і гэтае Дзіця, якое сёння было выратавана ад замаху ерусалімскага караля на Яго жыццё, само пойдзе насустрач смерці, прыме яе з рук язычнікаў з маўклівай, а то і выразнай згоды народу, збітага з панталыку ўласнымі правадырамі, каб усім без выключэння — паганцам і вернікам — сваёй смерцю адкрыць уваход у жыццё вечнае. Гэтая перамога Хрыста Збаўцы над смерцю і д’яблам стане пачаткам канчатковага трыумфу жыцця над смерцю ў канцы вякоў, калі Бог “абатрэ Бог кожную слязу з вачэй іх, і смерці ўжо не будзе, ані плачу, ані галашэння, ані болю больш не будзе, бо гэта ўжо ўсё мінула” (Адкр. 21, 4).

Малітва: О міласэрны Госпадзе і Крыніца жыцця! Кланяемся Табе і славім Цябе за міласэрнасць і доўгацярплівасць Тваю. Дзякуем Табе, што не пакінуў нас у нашых пагрозах, прыгнёце і болю. Дзякуем Табе за тое, што ідзеш разам з намі дарогай жыцця, а Твая прысутнасць прыносіць святло і надзею паўсюль, дзе, на першы погляд, трыумфуе зло, насілле, нянавісць і агрэсія. Умацуй у нашых сэрцах веру ў тое, што смерць – не апошні акт нашага жыцця. Умацуй надзею, што пасля выпрабаванняў і цярпенняў гэтага жыцця Ты сам сустрэнеш нас і прывядзеш туды, «дзе няма ні болю, ні смутку, ні ўздыхання, але жыццё бясконцае». Амін.

Ул. Багдан Дзюрах