“…пасяліўся ў горадзе, які завецца Назарэт, каб збылося, што сказана прарокамі: «Назарэем будзе звацца».” (Мц. 2, 23)
Пасля смерці Ірада Святая Сям’я вяртаецца на радзіму. Але праведны Язэп, папярэджаны ў сне Анёлам Гасподнім, не пасяляецца ў ваколіцах Ерусаліма, а адыходзіць на ўскраіну – у сяло Назарэт, якое знаходзіцца на поўначы Галілеі. Евангеліст Мацвей звязвае гэтае рашэнне св. Язэпа са спаўненнем прароцтва аб тым, што будучы Месія будзе называцца «Назарэем».
Цяжкасць для тлумачальнікаў Святога Пісання з-за падабенства назвы мясцовасці з імем Месіі заключалася ў тым, што Назарэт наогул не згадваецца ў святых тэкстах Старога Запавету. Таму евангеліст Мацвей выкарыстоўвае пашыраны ў яўрэйскай экзэгезе метад паранамазіі, гэта значыць падабенства імёнаў: ён паказвае, што сапраўды існуе сувязь паміж Ісусам з Назарэта і Старым Запаветам, паколькі ў Старым Запавеце ёсць прынамсі два словы, сугучныя з назвай згаданай мясцовасці: «назір», гэта значыць «пасвячаны» — святая асоба, асаблівым чынам прысвечаная Богу (гл. Суд. 13, 5.7), і “незер” – “парастак”, пра які прарочыць Ісая, калі абвяшчае, што Ён прарасце з кораня Есэя і што на Ім спачыне Дух Гасподні, і што Ён будзе судзіць народы справядліва (гл. Іс. 11, 1 і далей).
Іншымі словамі, прабыванне Ісуса ў Назарэце Мацвей апісвае не як нешта выпадковае, спантаннае, але як частку адвечных планаў Бога. З гэтага часу нават сама назва невялікага паселішча Назарэт, у якім будзе жыць Уцелаўлёны Сын Божы, будзе нагадваць нам, што Ён — Божы дар чалавецтву, прысвечаны Богу і справе збаўлення чалавечага роду, і што Ён — жыватворны парастак Есэя, поўны сілы і ласкі Духа Святога, які прынясе чалавеку і ўсяму чалавецтву новае боскае жыццё, да ўдзелу ў якім усе будуць запрошаны праз яднанне з Ім, гэтак жа, як галіны злучаны з вінаграднай лазой (гл. Ян 15, 1-8).
Дарэчы, варта памятаць, што ў апавяданнях пра нараджэнне і дзяцінства Ісуса Хрыста кожны тытул, нададзены Яму, мае сваё глыбокае значэнне і дапамагае лепш зразумець сапраўдную ідэнтычнасць Уцелаўлёнага Божага Сына. Такіх тытулаў нямала, у прыватнасці — імя Ісус, што азначае «Госпад збаўляе», імя «Эммануэль», што азначае «з намі Бог», «Сын Божы» і, нарэшце, — тытул «Назарэй».
У пэўнай ступені гэтае апошняе імя, у прывязцы да месца жыхарства – Назарэта, было ва ўспрыманні сучаснікаў Ісуса хутчэй негатыўным, чым месіянскім, пра што сведчыць рэакцыя Натанаэля на вестку-запрашэнне Філіпа прыйсці і сустрэцца з Ісусам, Настаўнікам, які прыбыў з Назарэта: «Ці можа быць што добрае з Назарэта?» (Ян. 1, 46)
Аднак наш Бог — Бог нечаканасцей. Яго не бянтэжыць зямная слава і не спыняюць чалавечая прадузятасць і стэрэатыпы. Ён ідзе на перыферыю чалавечай цывілізацыі, каб адтуль пачаць трыумфальнае шэсце свайго Валадарства; Ён дае сустрэцца з Сабою там, дзе чалавек гэтага менш за ўсё чакае; Ён “спіхвае моцных з пасадаў і ўзвышае пакорлівых” (гл. Лк. 1, 52); Ён яшчэ раз нагадвае, што «не месца ўпрыгожвае чалавека, а чалавек месца», як гаворыць наша народная прымаўка, і што «Бог не зважае на асобу, але ў кожным народзе мілы яму той, хто баіцца Яго і служыць справядлівасці.” (Дзеі 10, 34-35)
Малітва. Госпадзе наш і Збавіцелю Ісусе Хрысце! Вы пасяляешся ў аддаленым месцы, каб ніхто з людзей не адчуваў сябе аддаленым ад Бога і ад ласкі. Ты бярэш на сябе імя, абцяжаранае чалавечай знявагай і пагардай, каб усім зняважаным і пагарджаным даць новую надзею і паказаць шлях да боскіх вышынь. Прашу Цябе: навучы мяне стрымлівацца ад ацэнкі маіх бліжніх на падставе іх знешніх прыкмет ці іх паходжання, але ставіцца да ўсіх з належнай увагай і пашанай. Учыні маё сэрца чуллівым на Тваю прысутнасць і адкрытым на сустрэчу з Табою ў кожным чалавеку і ва ўсіх жыццёвых абставінах. Амін.
Ул. Багдан Дзюрах