У якасці прыкладу такога Божага запрашэння ў дарогу можна назваць сучасную пандэмію каранавіруснай інфекцыі, якая выклікала вялікую трывогу і замяшанне ва ўсім свеце. Вядомы чэшскі душпастыр і філосаф-дысідэнт Томаш Галік, разважаючы над доляй Царквы ў тыя цяжкія часы, пісаў наступнае: «Магчыма, гэты час пустуючых будынкаў храмаў сімвалічна выяўляе прыхаваную пустэчу цэркваў і іх верагодную будучыню, нягледзячы на тое, што яны робяць сур’ёзныя спробы паказаць свету цалкам іншае аблічча хрысціянства. Мы зашмат думалі пра навяртанне свету і замала – пра навяртанне саміх сябе: не пра простае ўдасканаленне, а пра радыкальны пераход ад статычнага «быцця хрысціянамі» да дынамічнага «станаўлення хрысціянамі»… Магчыма, нам варта было б успрымаць цяперашняе ўстрыманне ад рэлігійных службаў і дзейнасці Царквы як кайрас (міласцівы час Божага наведвання), як нагоду спыніцца і паглыбіцца ў грунтоўныя роздумы перад Богам і з Богам. Я перакананы, што надышоў час падумаць над тым, як працягнуць шлях аднаўлення, якое Папа Францішак лічыць такім неабходным: не спрабаваць павярнуцца да свету, якога ўжо больш не існуе, ані не пакладацца на знешнія структурныя рэформы, а лепш пачаць шлях да сэрца Евангелля, «падарожжа ў глыбіню».
Малітва: О Госпадзе, што клічаш нас у дарогу – да паўнаты жыцця, да сустрэчы з Табою. Дай нам адкрытае і чуйнае сэрца, якое будзе здольнае разумець Тваю мову і Твае знакі. Пашлі нам мудрасць з нябёсаў, каб распазнаць час Твайго наведвання. Навучы нас не баяцца выходзіць за межы ўласнага камфорту і ісці за Тваім голасам, каб стаць жывымі сведкамі Твайго нараджэння ў цяперашнім свеце — у нас і праз нас. Амін.
Ул. Багдан Дзюрах