#НасустрачРаству. Нараджэнне Хрыста: трывога беззаконных і пакуты верныхНа вестку мудрацоў з Усходу …

#НасустрачРаству. Нараджэнне Хрыста: трывога беззаконных і пакуты верных

На вестку мудрацоў з Усходу пра тое, што яны бачылі на небе ясную зорку нованароджанага «юдэйскага караля», “кароль Ірад занепакоіўся, і ўвесь Ерусалім з ім.” (Мц. 2, 3)

Папа Бенядыкт XVI адзначаў, што Ірад меў усе падставы хвалявацца і непакоіцца, бо даведаўся пра таямнічага прэтэндэнта на яго трон. Але вось згадка пра тое, што трывога ахапіла «ўвесь Ерусалім», менш зразумелая. У гэтай збянтэжанасці і перапалоху Ерусаліма біблеісты бачаць прадчуванне падзеі каралеўскага ўезду Ісуса ў горад напярэдадні Ягоных мукаў, пра што евангеліст Мацвей піша, што “калі Ён увайшоў у Ерусалім, узрушыўся ўвесь горад” (Мц. 21, 10).

Так, ужо ў падзеях Хрыстовага Нараджэння таямнічым чынам чуецца водгалас пакутаў Вялікага тыдня. Да гэтага дадаецца яшчэ назва, якую ўжываюць мудрацы з Усходу – «юдэйскі кароль». Гэты тытул не характэрны для юдэйскай традыцыі, дзе хутчэй гаварылі б пра «караля Ізраіля». Яе выкарыстоўвалі вешчуны, і яна зноў згадваецца ў канцы Евангелля, калі Пілат загадае напісаць на таблічцы на крыжы «Ісус Назаранін Кароль Юдэйскі». Так ужо цяпер спалучаюцца гэтыя дзве збаўчыя і непарыўна звязаныя паміж сабой рэчаіснасці: Нараджэнне Хрыстова і Яго збаўчыя мукі.

Да гэтага можна дадаць і іншыя элементы, якія мы заўважаем на ўсходніх іконах Нараджэння Хрыстова: Дзіцятка ляжыць у яслях, якія нагадваюць труну; у цёмным гроце, падобным да магілы, высечанай у скале; загорнутае ў пялёнкі накшталт таго, як заварочваюць цела памерлага перад пахаваннем…

Госпад прыходзіць «да сваіх», але свае Яго не прынялі (гл. Ян 1, 11), і гэтай варожасцю пазначана ўсё зямное жыццё Ісуса. У гэтым факце можна пабачыць падвойную навуку для нас, Хрыстовых вучняў.

Перш за ўсё, варта памятаць, што ўсюды, дзе набліжаецца святасць, Божая любоў, глыбокая вера, – адразу “мабілізуюцца” супраціўныя сілы, якія намагаюцца адчайна супраціўляцца зменам, якія прыносіць з сабою Божы Дух. Сэрца Ірада было апанавана ўладалюбствам і ганарлівасцю; сэрцы духоўнай эліты поўныя марнаслаўства, славалюбства, зайздрасці і крывадушнасці; а пераважная большасць жыхароў Ерусаліма, верагодна, паддалася дэманам апартунізму, абыякавасці, прыстасаванства. Усе гэтыя дэманы, без сумнення, адчувалі набліжэнне Святога, таму бянтэжылі сваіх ахвяраў, падбухторваючы іх да супраціву, да разбуральных дзеянняў, апагеем якіх стане распяцце на Галгоце.

На працягу ўсёй гісторыі Хрыстовыя вучні не раз будуць адчуваць на сабе прыхаваную або і адкрытую нянавісць і непрыняцце з боку свайго атачэння, часам нават з боку самых блізкіх, родзічаў ці сяброў, калі захочуць сапраўды быць паслядоўнымі і вытрывалымі ў сваёй веры. Не варта гэтаму здзіўляцца, бо так абыходзіліся з нашым Госпадам, а Божае слова вучыць нас, што “слуга не большы за свайго гаспадара. Калі Мяне пераследавалі, то і вас будуць пераследаваць” (Ян. 15, 20), ды і “ўсе, хто жадае жыць пабожна ў Хрысце Ісусе, будуць пераследаваныя” (2 Цiм. 3, 12), і што “лепш цярпець, дабро чынячы, калі такая воля Божая, чым чынячы зло” (1Пт. 3, 17).