Вельмі слушна Госпад сказаў: «Дзе скарб твой, там будзе і сэрца тваё» (Мц 6, 21). Чым жа з’яўляецца …

Вельмі слушна Госпад сказаў: «Дзе скарб твой, там будзе і сэрца тваё» (Мц 6, 21). Чым жа з’яўляецца скарб чалавека, калі не збіраннем дабротаў і сукупнасцю яго намаганняў? «Што чалавек пасее, тое і пажне» (Гал 6, 7). Паводле працы кожнага будзе дадзена яму. І што выкарыстоўваецца з прыемнасцю, да таго будуць скіраваныя прагненні сэрца. Аднак, паколькі ёсць шмат відаў багацця і розныя крыніцы радасці, таму кожны чалавек мае скарб, які адпавядае яго жаданням. Калі прадметам жаданняў з’яўляюцца зямныя даброты, то тыя, хто імі карыстаецца, не становяцца праз гэта шчаслівымі, але хутчэй няшчаснымі.

Той, каго вабіць тое, што ўгары, а не на зямлі, хто не імкнецца да таго, што прамінае, але што трывае вечна, свае незнішчальныя скарбы бачыць у тым, пра каго кажа прарок: «Прыбліжаецца наш скарб і збаўленне, мудрасць, веды і пабожнасць ад Бога: вось скарбы справядлівасці» (пар. Іс 33, 6). Праз іх пры дапамозе Божай ласкі нават зямныя даброты пераменяцца ў даброты вечныя. Многія карыстаюцца багаццем, якое справядліва атрымалі ў спадчыну ці іншым чынам, для здзяйснення ўчынкаў міласэрнасці. Калі дзеляцца тым, што маюць з лішкам, збіраюць сабе незнішчальныя даброты; таму, што аддалі як міласціну, ужо не пагражае ніякая небяспека. Таму справядліва, каб іхняе сэрца было там, дзе знаходзіцца іхні скарб. Бо найбольшае шчасце ў памнажэнні менавіта такіх багаццяў, бо няма страху, што яны прападуць.

Св. Лявон Вялікі