Галоўнай прычынай, па якой у старым запавеце прарокам і святарам дазвалялася пытацца ў Бога і прасіц…

Галоўнай прычынай, па якой у старым запавеце прарокам і святарам дазвалялася пытацца ў Бога і прасіць у Яго візій і аб’яўленняў, было тое, што тады вера яшчэ не была грунтоўна ўмацаваная, а Евангелле яшчэ не было ўстаноўлена. Таму і трэба было пытацца пра ўсё ў Бога. Ён жа прамаўляў да іх ці ў словах, ці ў візіях і аб’яўленнях, ці ў вобразах і алегорыях, ці, нарэшце, у розных знаках. А ўсё, праз што Ён адказваў і прамаўляў, што аб’яўляў, было таямніцаю нашай святой веры або тым, што яе датычыла ці да яе накіроўвала.

Але цяпер, калі вера ў Хрыста ўкаранілася і было абвешчана Евангелле ў час ласкі, няма патрэбы пытацца ў Бога як раней, а Яму – прамаўляць да нас, як тады. Ад моманту, калі Бог даў нам свайго Сына, які з’яўляецца Яго адзіным і канчатковым Словам, Ён усё сказаў адразу ў гэтым адным сваім Слове і не мае больш нічога сказаць.

І гэта сапраўдны сэнс таго сведчання, якім св. Павел імкнуўся пераканаць габрэяў, каб яны адышлі ад даўніх, старазапаветных адносінаў і абыходжання з Богам паводле закону Майсея і звярнулі свае вочы толькі на Хрыста: «Шмат разоў і па-рознаму прамаўляў калісьці Бог да айцоў нашых праз прарокаў, у гэтыя апошнія дні прамовіў да нас праз Сына» (Гбр 1, 1). Гэтымі словамі Апостал дае зразумець, як шмат Бог выказаў праз сваё Слова, таму больш ужо няма чаго жадаць. Тое, што раней часткова казаў прарокам, ужо цалкам сказаў, даючы нам усё – свайго Сына.

Таму той, хто цяпер хацеў бы даведацца нешта ад Бога, папрасіць у Яго нейкай візіі ці аб’яўлення, можа абразіць Яго, калі, не скіроўваючы сваіх вачэй цалкам на Ісуса, будзе прасіць нечага іншага па-за Ім.

Бог мог бы адказаць такому чалавеку: «Гэта Сын Мой умілаваны, якога Я ўпадабаў. Яго слухайце» (Мц 17, 5). Я ўжо ўсё сказаў праз сваё Слова: скіруй свае вочы на Яго аднаго, бо ў Ім Я табе ўжо ўсё сказаў і аб’явіў. Ты знойдзеш у Ім нашмат больш, чым можаш пажадаць ці папрасіць.

Разам са сваім Духам Я ўжо сышоў на Яго на гары Табор і сказаў: «Гэта Сын Мой умілаваны, якога Я ўпадабаў. Яго слухайце» (Мц 17, 5). Табе няма больш патрэбы шукаць новых вучэнняў і новых адказаў. Бо калі Я гаварыў раней, гэта было абяцанне Хрыста. Калі ж нешта даведваліся ад Мяне, то рабілі гэта ў пошуку Хрыста і з надзеяй на Яго. Бо ў Ім можна знайсці ўсё дабро, як цяпер абвяшчае гэта ўсё вучэнне Евангелістаў і Апосталаў.

Св. Ян ад Крыжа «Узыходжанне на гару Кармэль»