Нарадзіўся ён ў шляхецкай сям’і каля 1656 году, верагодна, у Берасьцейскім ваяводзтве Вялікага Княства Літоўскага. Змоладу прысьвяціў сябе юрыдычнай кар’еры. У маладосьці таксама страціў правую руку, якая была пасечана шабляй падчас службы ў пана Тыка. Займаў пасаду падсудка берасьцейскага земскага суда. У 1685 годзе быў намесьнікам замку ў Берасьці (тут знаходзіўся як мінімум з 1677 г.).
27 лютага 1686 году ўступіў у навіцыят Ордэну базыльянаў у Быценi і 8 красавіка 1687 году склаў манаскія зарокі. Пасьля зарокаў быў пераведзены ў манастыр у Берасьце, дзе вёў справы біскупа Льва Шлюбіча-Заленскага. У 1690-1705 гадах – судовы пракуратар у Вільні, дзе адначасова быў ігуменам Сьвята-Траецкага манастыра (1704-1705). Там ён упарадкаваў віленскую дакументацыю, аднавіў фільваркі.
Праз сваю інваліднасьць Ян Альшэўскі доўгі час ня быў высьвячаны на сьвятара. Гэта адбылося толькі ў 1700 годзе. У 1705-1706 гадах быў ігуменам, верагодна, у Віцебску, затым у 1706-1709 гадах – ігумен у Менску, з 1709 да 1717 году – ігумен у Барунах (там ён правёў рэстаўрацыю манастырскіх памяшканьняў), а ў 1717-1718 гадах – ігумен у Жыровічах.
На працягу 1718-1723 гадоў Ян Альшэўскі быў ігуменам Тараканскага манастыра, дзе ўпарадкаваў фундацыйныя дакументы, уклаў інвентары і іншае. Як ігумен у Тараканях, Ян Альшэўскі зрабіў значны ўклад у будаўніцтва манастыра і царквы ў Берасьці, падараваўшы тараканскае дрэва і асабіста спрыяючы гэтым работам.
Ян Альшэўскі быў настолькі дасьведчанай і адукаванай асобай, што ў 1709 годзе базыльяне, сабраныя на Генеральнай капітуле, менавіта яму даручылі займацца надзвычай складанымі (праз адсутнасьць дакументаў) справамі пэўных царкоўных маёнткаў, сярод іх – Кобрынскага манастыра базыльянаў. Уласна таму а. Ян Альшэўскі ў Базыльянскім Чыне ў Кангрэгацыі Найсьвяцейшай Тройцы быў кансультарам (дарадцам) у 1709—1719 гг. і протакансультарам у 1719—1723 гг.
Памёр а. Ян Альшэўскі 9 сьнежня 1723 году ў Быцені, калі ён прыехаў з Таракані ў Быцень на нараду.
Валодаючы толькі левай рукой, Ян Альшэўскі напісаў некалькі знакавых прац, у якіх падаў важную інфармацыю па гісторыі базыльянскіх манастыроў Вялікага Княства Літоўскага. Пісаў іх па-польску. Сярод ягоных твораў варта адзначыць «Памяньнік памерлых айцоў і братоў…» («Pominnik, abo wizerunek śmiertelności ludzkiej przez opisanie wielebnych ojców i braci, zmarłych w Zakonie Ś-o Bazylego… ») – кароткія жыцьцяпісы 125 базыльянаў, якія жылі паміж 1686 і 1721