Калі евангеліст Лука пачынае свой аповед пра нараджэнне Ісуса Хрыста згадкай, што «ў тыя дні выйшаў загад ад цэзара Аўгуста перапісаць усю зямлю» (Лк. 2, 1), ён не толькі дае нам каштоўную гістарычную інфармацыю, але таксама робіць важнае багаслоўскае пасланне. І сапраўды, як адзначае Бенядыкт XVI, дакладнае і ўважлівае датаванне ў Евангеллі паводле Лукі гістарычнай гадзіны нараджэння Ісуса ўказвае перадусім на гістарычнасць асобы Ісуса Хрыста: “Ісус не нарадзіўся і не з’явіўся дзесьці ў міфе. Ён належыць да дакладна датаванага часу і геаграфічна акрэсленай прасторы».
Але Ісус не проста «належыць» гісторыі чалавецтва — Ён як Бог адначасова знаходзіцца над гэтай гісторыяй, Ён яе Уладар і Госпад. Менавіта таму будзе дарэчы ўслед за Бенядыктам XVI казаць, што ў Ісусе «ўніверсальнае і канкрэтнае супадаюць. У Ім увайшло ў свет Слова, творчы пачатак усіх рэчаў». З гэтага часу ўсе гістарычныя падзеі і грамадска-палітычныя з’явы свядома ці несвядома падпарадкаваныя выкананню таямнічага збаўчага Божага плану, які Бог ажыццяўляе ў Хрысце Ісусе.
Як мы часта чытаем у Евангеллях: «А сталася гэта, каб збылося тое, што сказана прарокамі…» Пры гэтым тое, што адбываецца, не заўсёды радаснае, пазітыўнае ці прыемнае. Аднак ва ўсіх момантах чалавечай гісторыі – асабістай, сямейнай, народнай – дзейнічае таямнічы Божы Провід, які часта выкарыстоўвае людзей і гістарычныя падзеі для здзяйснення свайго боскага плану адносна асобаў, супольнасцей, народаў і ўсяго чалавецтва.
Французскі паэт і дыпламат Поль Кладэль сказаў, што «Бог піша роўна нават на крывых радках», а хтосьці дадае — «на чалавечых радках», тым самым падкрэсліваючы, што чалавечыя недасканалыя, а часам і злыя задумы і дзеянні не могуць перашкодзіць планам Божым, наадварот – Бог уваходзіць у гэтую чалавечую гісторыю і здзяйсняе ў ёй свой таямнічы і збаўчы план.
Выдаючы загад пра перапіс насельніцтва ў імперыі, рымскі цэзар наўрад ці дапускаў, што гэты загад прывядзе да ажыццяўлення Божых планаў ва ўсім сусвеце. Аднак Бог выкарыстаў гэты загад рымскага саноўніка, каб споўнілася Ягонае Божае Слова, прамоўленае праз прарокаў. Прыкладаў такога таямнічага дзеяння Бога мы маем шмат у гісторыі чалавека і народа.
Мяне заўсёды ўражвала рэакцыя старазапаветнага патрыярха Язэпа, якога зайздросныя браты прадалі ў егіпецкае рабства, а ён пасля гадоў блуканняў і прыніжэння, ужо як фараонаў вяльможа, сказаў сваім братам: “Не шкадуйце, і хай не здаецца ганебным, што мяне прадалі ў гэтую мясцовасць. Для паратунку вашага паслаў мяне Бог перад вамі ў Егіпет. (…) Не па вашым рашэнні, але па волі Божай пасланы я сюды” (Быц. 45, 5.8 ).
Блаславёны святамучанік Амялян Коўч пісаў сваім родным са зняволення ў нацысцкім канцлагеры ў Майданаку, што «тут ён бачыць Бога», і запэўніваў, што «пасля Валадарства Нябеснага гэта – другое месца, дзе ён хацеў бы знаходзіцца ў дадзены момант». У жудасных і нечалавечых умовах канцэнтрацыйнага лагера наш праведнік бачыў збаўчае дзеянне Бога і Яго любячую прысутнасць, якой ён давяраў і ў якую быў пагружаны ўсёй сваёй істотай.