#НасустрачРаству. Рэвалюцыйная сіла пяшчотнай любові”І нарадзіла Сына свайго першароднага. Спавіла Я…

#НасустрачРаству. Рэвалюцыйная сіла пяшчотнай любові

“І нарадзіла Сына свайго першароднага. Спавіла Яго і паклала ў яслі…” (Лк. 2, 7)

Пры больш глыбокім разуменні нас не можа не здзівіць, што ў такім кароткім і лаканічным апісанні Нараджэння Хрыстовага евангеліст Лука выразна згадвае той факт, што Прачыстая Дзева «спавіла і паклала ў яслі» Нованароджанае Дзіця. Аб тым, што звесткі пра гэты, здавалася б, цалкам прыродны і лагічны ўчынак маці ў адносінах да немаўляці не выпадковыя і важныя, сведчыць далейшая згадка пра «знак», які пастушкі атрымліваюць у полі: “І вось вам знак: знойдзеце Немаўля спавітае і пакладзенае ў яслях».” (Лк. 2, 12) (Гл. Пацёрак А. Калі Ісус нарадзіўся ў Бэтлееме). «Дзіця, спавітае, якое ляжыць у яслях», з’яўляецца Божым знакам, а таму – нясе ў сабе нейкае важнае і глыбокае значэнне.

Перш за ўсё, сузіраючы духам тое, як Усячыстая Дзева Марыя бярэ на рукі нованароджанае Дзіцятка і спавівае Яго ў пялёнкі, мы бачым, з якой любоўю, далікатнасцю і пяшчотай Усячыстая Дзева ўспрымае гэта крохкае і ўразлівае цела Божага Сына. Багародзіца вучыць нас пяшчотнасці і далікатнасці ў адносінах да Хрыста і Яго Цела – Царквы, якое на працягу стагоддзяў часта было аб’ектам нападак, нянавісці і пераследу.

Гэты далікатны жэст любові Маці Божай таксама нагадвае нам пра неабходнасць выяўляць далікатнасць, пашану і любоў да кожнага чалавека, створанага на вобраз і падабенства Божае. Сын Божы, прыняўшы постаць дзіцяці, выяўляе ўсю крохкасць, неабароненасць, слабасць і ранімасць чалавечага існавання як такога. Чалавек – вельмі далікатная істота; нас так лёгка параніць, абразіць, пакрыўдзіць. Далікатныя пялёнкі, у якія звычайна спавіваюць немаўлят, сімвалізуюць далікатнасць і пяшчоту, якіх мы ўсе так вельмі патрабуем, якіх мы чакаем ад іншых і якія мы, са свайго боку, павінны праяўляць да нашых бліжніх. Успамінаюцца словы вядомай песні:

Навучы мяне, як захаваць пабожнасць,
А ў рухах — пачцівасць, у мове — асцярожнасць.
Навучы людзей судзіць абачліва,
Прабачаць усім, як Ты прабачаў бязмежна.
І ворагаў прымаць усіх прыхільна,
Навучы працаваць цярпліва і пільна.
Слоўцам найменшым, думкаю адною
Не правініцца перад Табою.

Як часта і як лёгка мы, людзі, ранім адзін аднаго злой думкай, уедлівым позіркам, неасцярожным словам, грубай і напышлівай ацэнкай! Пры гэтым кожны прагне разумення, міласэрнасці, прабачэння і цярплівасці з боку свайго атачэння!

Пяшчота – адна з характэрных праяў праўдзівай любові. Пяшчота — гэта ўменне выяўляць любоў простымі, звычайнымі, штодзённымі жэстамі: пяшчотным позіркам, ціхай усмешкай, далікатнымі абдымкамі, ветлівым стаўленнем, «кухлем халоднай вады», як пра гэта згадвае Хрыстос у Евангеллі (Мц. 10, 42). Так любіць і так ставіцца да нашых бліжніх — гэта, урэшце, наследаваць самога Бога ў Яго адносінах да нас, умілаваных дзяцей, якіх Ён бясконца ахінае сваёй бязмежнай пяшчотай і ёю перамагае ўсялякую чалавечую злосць, агрэсіўнасць і грэшнасць.

Усячыстая Дзева Марыя, спавіваючы Дзіцятка Ісуса ў яслях, з’яўляецца ўзорам і Настаўніцай такой пяшчотнай любові. Пра гэта добра разважае Святы Айцец Францішак: «Марыя ўмее ператварыць пячору для звяроў у дом для Ісуса, маючы ўбогія пялёнкі і вялікую пяшчоту… Кожны раз, калі мы глядзім на Марыю, мы пачынаем верыць у рэвалюцыйную сілу пяшчоты і любові. У Марыі мы бачым, што пакорлівасць і пяшчота — гэта дабрадзейнасці не слабых, а моцных, якім не трэба здзекавацца з іншых людзей, каб адчуць сваю перавагу…».

Малітва. Усячыстая Дзева, Маці міласэрнай і пяшчотнай Любові! У Табе, што цяпер у пячоры спавіваеш Нованароджанае Дзіцятка Ісуса, я пазнаю Пакутную Маці, якая пакладзе ў магілу загорнутае ў пахавальныя пялёны параненае цела нашага Збаўцы. Умацуй у маім сэрцы веру ў сілу пяшчотнай і далікатнай Божай любові, якую аб’явіў нам Твой Сын і наш Госпад, любові, мацнейшай за пекла і за смерць! Дай мне адвагу і сілу ісці аж да канца дарогаю гэтай любові і быць яе знакам для маіх бліжніх. Амін.

Ул. Багдан Дзюрах