#НасустрачРаству. Убогія яслі як знак надзеі для ўбогіхДзіця спавітае, якое ляжыць у яслях, з’яўляец…

#НасустрачРаству. Убогія яслі як знак надзеі для ўбогіх

Дзіця спавітае, якое ляжыць у яслях, з’яўляецца знакам прыходу ў свет Збаўцы. Калядка звяртае нашу ўвагу на гэтыя яслі як на знак прыходу Бога да чалавека:

У яслях ляжыць, хто ж паспяшыць
Спяваці Маленькаму:
Ісус-Хрысту, Богу існаму
Нованароджанаму?

Хто ж гэты «Бог існы» — праўдзівы Бог, які выбірае яслі як знак свайго прыйсця? Што хоча сказаць нам гэтым незвычайным знакам?

Перш за ўсё, яслі – гэта месца, куды гаспадар кладзе корм для дамашняй жывёлы. І вось цяпер у яслі пакладзены Сын Божы, які скажа пра сябе і сваю місію ў гэтым свеце: “Я — хлеб жывы, які сышоў з неба. Калі хто будзе спажываць гэты хлеб, будзе жыць вечна. А хлеб, які Я дам, — гэта Цела Маё дзеля жыцця свету».” (Ян. 6, 51); «Я — хлеб жыцця; хто прыходзіць да Мяне, не будзе галодны, і хто верыць у Мяне, ніколі не будзе прагнуць.” (Ян. 6, 35) Бог дае Сябе нам як Хлеб і як Жыццё, як Хлеб жыцця для нашага збаўлення і вечнага шчасця.

Глыбокую думку св. Аўгустына пра Дзіцятка, пакладзенае ў яслях, цытуе ў сваім творы «Ісус з Назарэта» Папа Бенядыкт XVI: «Яслі — гэта месца, дзе жывёлы знаходзяць свой корм. А цяпер у яслях ляжыць Той, хто сам назваў сябе праўдзівым хлебам, які сышоў з Неба, – праўдзівай спажывай, якой патрабуе чалавек для свайго існавання. Гэта – ежа, якая даруе людзям сапраўднае, вечнае жыццё. Таму яслі ўказваюць на Божую трапезу, на якую запрошаны чалавек, каб атрымаць Божы хлеб».

Яслі таксама з’яўляюцца выразам і знакам крайняй убогасці, у якой нарадзіўся Божы Сын. Ён праз сваю ўбогасць, нараджэнне ў пячоры становіцца салідарным з усімі беднымі і абяздоленымі, якія жылі, жывуць і будуць жыць на гэтым свеце. Наш Бог — Бог убогі і Бог убогіх. Ён нараджаецца «не ў каралеўскіх палацах, а сярод скаціны, у пустыні, у пячоры», як спяваем у іншай прадзедаўскай калядцы.

Сваім нараджэннем у яслях Хрыстос, па словах мітрапаліта Іларыёна Агіенкі, «асвяціў убоства», але не ў тым сэнсе, што ўзвёў яе ў ранг нормы, а хутчэй у тым, што паказаў адносную каштоўнасць багацця, якое «не прыносіць людзям шчасця на зямлі, не прыносіць і збаўлення на небе». У той час як людзі на працягу ўсёй сваёй гісторыі так часта былі схільныя пакланяцца «залатому цяляці» багацця, матэрыяльнай раскошы і эканамічнай заможнасці, Сын Божы нараджаецца ў беднай сям’і, якая працай уласных рук штодзённа зарабляла на сваё жыццё, і ўсімі іншымі абставінамі свайго Нараджэння паказвае, што «не ў багацці шчасце, – яно часцей у звычайным дастатку, а нават і ў беднасці. Мудры Саламон правільна прасіў у Бога: “Не давай мне беднасці і багацця, толькі ўдзяляй мне штораз на пражыццё хлебны паёк” (Высл. 30, 8 ), таму што празмерная беднасць, як і багацце, прыносяць чалавеку неспакойнае жыццё, гэта значыць не даюць шчасця».

Малітва. О Божае Дзіцятка, пакладзенае ў бедныя яслі ў пячоры! Ты — знак надзеі для церпячых; знак міру для ахвяраў агрэсіі і войнаў; знак вызвалення для ўбогіх і прыгнечаных; знак міласэрнасці для звязаных кайданамі грахоў; знак любові і суцяшэння для ўсіх самотных і засмучаных. На Цябе ўскладаю ўсю маю надзею! Ад Цябе спадзяюся міласці і міласэрнасці, збаўлення і вечнага жыцця. Будзь маёй штодзённай спажывай, маім суцяшэннем, крыніцай майго шчасця тут, на зямлі, і ў вечнасці! Амін.

Ул. Багдан Дзюрах