“…вялікі страх ахапіў іх. Анёл сказаў ім: «Не бойцеся, я абвяшчаю вам вялікую радасць, якая будзе для ўсяго народу…” (Лк. 2, 9-10)
Набліжэнне Бога выклікае ў сэрцы чалавека трывогу і страх. Найсвяцейшы чалавек перад абліччам Усявышняга перажывае неспакой, бо адчувае бясконцую адлегласць, што распасціраецца паміж ім і яго Творцам. Таму не дзіўна, што трывогу адчувалі і Найсвяцейшая Дзева Марыя (гл. Лк 1, 29), і святар Захарыя, бацька св. Яна Хрысціцеля (гл. Лк. 1, 19), і Гедэон (гл. Суд. 6, 22), і прарок Ісая (гл. Іс. 6, 5), і многія іншыя, якія ўдастоіліся богаз’яўлення — сустрэчы з Богам або з Божай рэальнасцю тварам да твару.
Гэты страх становіцца яшчэ больш дакучлівым, калі чалавек усведамляе сваю духоўную аддаленасць ад Госпада, які любіць. Тады перад абліччам Святога Бога ён, здаецца, баіцца не столькі Яго, колькі самога сябе, сваёй «галізны», свайго ўбоства, страты святла і ласкі, якія калісьці ў раі рабілі чалавека сябрам Бога. Досвед нашага праайца Адама, які пасля грэхападзення пачуў гук крокаў Бога, што «хадзіў па раі апоўдні» і «схаваўся ад аблічча Госпада Бога сярод дрэў райскіх» (Быц. 3, 8), знаёмы кожнаму чалавеку, які аддаляецца ад Бога. Перад вечнасцю і святасцю кожны смяротны адчувае трывогу, неспакой, разгубленасць і страх.
Аднак Госпад прыходзіць, каб раз і назаўжды пераадолець бездань, якая ўзнікла паміж Ім і чалавекам. Ён прагне навякі застацца Эмануэлем, «Богам з намі», Богам, які ніколі не адрачэцца ад чалавека і не адвернецца ад яго. Бог прыходзіць у гэты свет не дзеля таго, каб яго асудзіць, але каб збавіць гэты свет у сваім Сыне (гл. Ян 3, 17). Такім чынам, чалавек, у якім бы жаласным стане ён ні знаходзіўся, ад гэтага часу не мае падстаў баяцца Бога, які прыходзіць у сваім Сыне. У святле веры Божая прысутнасць і Божае слова ніколі не будуць успрымацца як пагроза – для людской свабоды, шчасця і жыцця, – але хутчэй – як абяцанне поўнага вызвалення, трывалай радасці і паўнаты жыцця. І менавіта выкананне гэтага Божага абяцання абвяшчае Анёл Гасподні ўбогім пастушкам у полі: “Не бойцеся, вось, абвяшчаю вам радасць вялікую, якая будзе ўсім людзям…” (Лк. 2, 10)
Хтосьці заўважыў, што заклік не баяцца ў Святым Пісанні сустракаецца ў той ці іншай форме 365 разоў, – так, нібы Бог хацеў запэўніць сваіх сыноў і дачок, што Ён поруч з імі кожны дзень і ва ўсіх жыццёвых абставінах, асабліва ў тыя моманты, калі мы перажываем сваё ўбоства і «аголенасць»: пазбаўленне радасці, пачуццё смутку, жалобы, трывогі і страху. Госпад тады прыходзіць, набліжаецца, каб сілаю сваёй міласэрнай любові развеяць усе нашы засмучэнні, перамяніць нашы страхі і трывогі ў радасць і надзею.
Хачу падкрэсліць, што Бог не проста «замяняе» страх і сум на радасць і надзею, але перамяняе сум у радасць. Напярэдадні сваёй мукі Госпад Ісус запавядае гэтую цудоўную перамену, якая адбудзецца з вучнямі пасля Яго ўваскрасення: “Вы сумаваць будзеце, але смутак ваш заменіцца ў радасць. … Так і вы, цяпер тужыце; але Я вас зноў убачу, і будзе радавацца сэрца ваша, і радасці вашай ніхто ўжо не адбярэ ад вас.” (Ян. 16, 20.22)
Там, дзе няма Бога, радасць удаваная (бо толькі Бог Існы, рэальны!), кароткачасовая (бо толькі Бог вечны!) і штучная (бо толькі Бог ёсць Творца, у адрозненне ад д’ябла, які здольны толькі на карыкатуру, а не на творчае дзеянне). І наадварот — з Богам нават смутак нясе ў сабе абяцанне надзеі, задатак радасці, якая абавязкова дасягне сваёй паўнаты ў поўным яднанні з Ім. Бо гэта – Яго абяцанне, якое было абвешчана ў Нараджэнні Сына і споўнілася ва Уваскрасенні!
Малітва. Ісусе, Крыніца надзеі і прычына радасці для ўсіх засмучаных! Выдалі з маёй душы дакучлівую трывогу, страх і замяшанне, якімі злы спрабуе пазбавіць мяне спакою і даверу. Напоўні маё сэрца Тваім супакоем і Тваёй радасцю і зрабі мяне знакам і прыладай Тваёй радасці і Твайго супакою для маіх бліжніх. Амін.
Ул. Багдан Дзюрах