#НасустрачРаству. Ён сёння нараджаецца для мяне!”Сёння нарадзіўся вам Збаўца, Які ёсць Хрыстос Госпа…

#НасустрачРаству. Ён сёння нараджаецца для мяне!

“Сёння нарадзіўся вам Збаўца, Які ёсць Хрыстос Госпад, у горадзе Давіда.” (Лк. 2, 11)

У гэтых словах – сэрца каляднай добрай весткі, а адначасова – пераломны момант чалавечай гісторыі.

Гэтае анёльскае «сёння» падзяліла гісторыю чалавецтва на два перыяды — да Хрыста і пасля Хрыста. Свет пасля гэтай ночы каля Бэтлеему ўжо ніколі не застанецца такім, якім ён быў да гэтага. Дагэтуль гэта быў свет, у якім чалавецтва, стомленае грахом, прагнула збаўлення. Вуснамі прарокаў чалавецтва выказвала гэтую сваю тугу і няздзейсненую яшчэ тады надзею: “О, каб разарваў Ты нябёсы і сышоў!” (Іс. 63, 19). І вось «сёння», у гэтую ноч над Бэтлеемам расчынілася неба і Ён сышоў! Сышоў, каб у сваёй сучаснасці чалавек знайшоў збаўленне, вызваленне, радасць.

Пачынаючы з той незабыўнай ночы, калі Анёл Гасподні каля Бэтлеему абвясціў убогім пастушкам: «Сёння нарадзіўся вам у горадзе Давідавым Збаўца, Ён жа Хрыстос Госпад», кожны раз, калі Божае вечнае «сёння», напоўненае Божай прысутнасцю і Божай любоўю, сустракаецца з чалавечым «сёння», пазначаным грахом і цемрай смерці, настае момант збаўлення. Тут ключавым з’яўляецца слова «сустрэча». Бо можна святкаваць Божае Нараджэнне, але так і не «сустрэць» Божага Нараджэння, размінуўшыся з Тым, чыё Нараджэнне мы святкуем, — нашым Збавіцелем і Госпадам Хрыстом!

Пастушкі, пачуўшы добрую вестку аб збаўленні, якую Гасподні Анёл скіраваў да іх убогага і цёмнага «сёння», прынялі гэтую збаўчую вестку з адкрытым сэрцам, як такую, якая датычылася не кагосьці іншага, а менавіта іх, іхняга цёмнага і няпэўнага сёння: «Сёння нарадзіўся вам Збаўца». Таму яны назаўсёды засталіся першымі сведкамі той пераломнай для гісторыі ўсяго чалавецтва ночы і настаўнікамі сапраўдных сустрэч з Хрыстом Збаўцам.

Евангелле паводле Лукі захавала для нас яшчэ некалькі прыкладаў такіх збаўчых сустрэч, у якіх Божае «сёння» перасяклося з чалавечай «сучаснасцю», прыносячы тым, хто ў гэтай сучаснасці прабываў, збаўленне і жыццё. Вось Закхей, адкрыўшы сваё сэрца і дзверы свайго дома для Хрыста, чуе з Яго вуснаў такія словы: “Сёння сталася гэтаму дому збаўленне” (Лк. 19, 9). Раскаяны разбойнік у апошнюю гадзіну сваіх зямных пакутаў звяртае сваю збалелую галаву і душу да Хрыста Збаўцы, молячы: «Госпадзе, узгадай мяне, калі прыйдзеш у Тваё Валадарства», і чуе ў адказ запэўніванне-абяцанне: «Сапраўды кажу табе: сёння будзеш са Мною ў раі». (Лк. 23, 42-43)

Але была і іншая сустрэча, няўдалая: у сінагозе ў Назарэце, куды Ісус прыйшоў на самым пачатку свайго служэння, каб змяніць безнадзейную сучаснасць найперш сваіх бліжэйшых землякоў. І хоць «вочы ўсіх у сінагозе былі скіраваныя на Яго», аднак, пачуўшы, што як раз сёння здзяйсняюцца словы старажытных прароцтваў пра іх збаўленне: «Сёння споўніліся толькі што вамі чутыя словы Пісання» (Лк. 4, 21), – жыхары Назарэта вырашылі выдаліць Хрыста са сваёй сучаснасці: “Чуючы гэта, усе ў сінагозе напоўніліся злосцю, і паўскоквалі, і выгналі Яго за горад, ды ўзвялі Яго на верх гары, на якой стаяў горад іх, каб скінуць Яго. Але Ён, прайшоўшы між імі, адышоў.” (Лк. 4, 28-30)