Відавочна, чалавечая злосць не зможа выкрасліць Бога з гісторыі, выкінуць Яго з чалавечага жыцця, як бы да гэтага не імкнуліся супраціўныя Богу сілы (дастаткова прыгадаць пераслед за веру ў яшчэ так блізкія да нас часы камуністычнага рэжыму, або сёлетнюю спробу еўрапейскіх чыноўнікаў унутраным цыркулярам «рэкамендаваць» адмовіцца ад ужывання ў публічнай прасторы Еўропы словазлучэнняў «Нараджэнне Хрыстова» або «Калядныя святы»…). І, у рэшце рэшт, не будзе падстаў акрэсліваць наш сучасны свет як «постхрысціянскі» датуль, пакуль мы, хрысціяне, не паддамося спакусе пакінуць Хрыста, выціснуць Яго з нашай сучаснасці на або і за межы асабістага, сямейнага, грамадскага і палітычнага быцця.
Наадварот – будзем прасіць у Бога ласкі, каб нашая сучаснасць стала месцам спаткання з Нованароджаным Збаўцам, спаткання, у выніку якога і пра нас можна было б сказаць: «Сёння на гэты дом (асабісты, сямейны, еўрапейскі) сышло збаўленне!»
Малітва. Святы і вечны Госпадзе і Божа! Ты, што «ўчора і сёння — той самы на векі», прыйдзі ў маё ўбогае «сёння», спавітае прыцемкам няпэўнасці, трывогі і страху. Напоўні яго Тваім нябесным жыццядайным святлом, каб маё сэрца напоўнілася радасцю збаўлення, пачуўшы і прыняўшы калядную добрую вестку: «Сёння нарадзіўся вам Збаўца, ён жа Хрыстос Госпад». Амін.
Ул. Багдан Дзюрах