«Любі Госпада Бога твайго ўсім сэр­цам тваім, і ўсёй душой тваёй, і ўсім розумам тваім; а бліжняга т…

«Любі Госпада Бога твайго ўсім сэр­цам тваім, і ўсёй душой тваёй, і ўсім розумам тваім; а бліжняга твайго, як самога сябе» (пар. Мц 22, 37. 39)

Над гэтым заўсёды трэба думаць, над гэтым разважаць, гэта захоўваць, гэта рабіць, гэта выконваць. Любоў да Бога – гэта першае ў парадку запаведзяў, а любоў да бліжняга – першае ў парадку выканання. Бо Той, Хто сярод гэтых дзвюх запаведзяў даў табе наказ любові, не загадаў табе спярша любіць бліжняга, а потым Бога, але спярша Бога, а потым бліжняга.

Паколькі ты не бачыш Бога, то праз любоў да бліжняга становішся годным убачыць Яго. Ка­лі любіш бліжняга, твае вочы становяцца чыстымі, каб убачыць Бога, як гэта выразна кажа Ян: «Калі хто не любіць брата свайго, якога бачыць, не можа любіць Бога, якога не бачыць?» (пар. 1 Ян 4, 20).

Вось, сказана табе: любі Бога. Калі ты папросіш мяне паказаць Таго, Каго павінен любіць, я адкажу нічым іншым, як словамі Яна: «Бога ніхто ніколі не бачыў» (пар. Ян 1, 18). Аднак, каб ты не лічыў сябе цалкам пазбаўленым магчымасці ўбачыць Бога, Ян гаворыць: «Бог ёсць любоў, і хто жыве ў любові, той жыве ў Богу, і Бог у ім» (1 Ян 4, 16). Таму любі бліжняга і прыглядайся, адкуль у табе любоў да бліжняга, і там убачыш Бога, наколькі гэта магчыма.

Св. Аўгустын