20 студзеня 2024 году Францішак прыняў на аўдыенцыі ў Ватыкане сябраў італьянскай Нацыянальнай рады Аднаўленьня ў Сьвятым Духу – паведамляе Vatican News. Папа падзяліўся думкамі пра місію харызматычнага руху, зьвяртаючы асаблівую ўвагу на важнасьць яго малітоўнага і евангелізацыйнага служэньня, якое заахвоціў зьдзяйсьняць у еднасьці з усёй Царквой.
На сустрэчы з прадстаўнікамі каталіцкага руху «Харызматычнае аднаўленьне ў Сьвятым Духу» Сьвяты Айцец Францішак зрабіў акцэнт на малітве і евангелізацыі, якія ў еднасьці з Наступнікам сьвятога апостала Пятра прыносяць плён у служэньні іншым. Якая карысьць ад доўгіх малітваў і мноства прыгожых сьпеваў, калі няздольны быць цярплівым да бліжняга і яго праблемаў – прапанаваў задумацца Папа.
Рымскі Архірэй нагадаў, што малітва, асабліва малітва праслаўленьня, вельмі неабходная «ў сьвеце, дзе пануе культура валоданьня і эфектыўнасьці, а таксама ў Царкве, якая часам занадта турбуецца пра арганізацыйныя пытаньні». «Мы ўсе маем патрэбу ў тым, каб даць месца ўзьнясеньню падзякі, праслаўленьню і зьдзіўленьню перад абліччам ласкі Бога. Прашу вас, браты і сёстры, працягвайце служыць Царкве ў гэтым, асабліва, папулярызуючы малітву адарацыі, у якой пераважае маўчаньне, у якой Божае слова бярэ верх над нашымі словамі», – сказаў Папа, дадаючы, што адарацыя дазваляе ставіць у цэнтар не чалавека, а Бога.
Заклікаючы сваіх гасьцей служыць для евангелізацыі, Францішак падкрэсьліў, што яна належыць да ДНК харызматычнага руху, бо калі прымаем Сьвятога Духа ў сэрца і жыцьцё, Ён заўсёды паштурхоўвае выходзіць насустрач людзям і абвяшчаць Евангельле.
«І заўсёды памятайце, што ў першую чаргу абвяшчэньне зьдзяйсьняецца праз жыцьцёвае сьведчаньне! Якая карысьць ад доўгіх малітваў і мноства прыгожых сьпеваў, калі пасьля гэтага я няздольны быць цярплівым да бліжняга, калі ня ўмею быць блізкім да маці, якая знаходзіцца ў самотнасьці?» – прапанаваў задумацца Папа, дадаючы, што «канкрэтная любоў, непрыкметнае служэньне – гэта заўсёды праверка нашага абвяшчэньня».
Францішак заклікаў прадстаўнікоў харызматычнага руху да еднасьці з Наступнікам сьвятога Пятра і сваімі мясцовымі біскупамі, гэта значыць служыць сваёй дыяцэзіяльнай і парафіяльнай супольнасьці, згодна з пастырскімі ўказаньнямі біскупа. Ён заахвоціў да еднасьці з іншымі царкоўнымі асацыяцыямі, рухамі і групамі, каб даваць сьведчаньне братэрства, узаемнай павагі пры адметнасьцях, супрацоўніцтва ў рэалізацыі супольных ініцыятываў, служэньня народу Божаму і для вырашэньня сацыяльных праблемаў, якія закранаюць годнасьць чалавека.