Сапраўды, у такой вялікай справе, дзякуючы якой Бог атрымлівае дасканалае праслаўленне, а людзі асвячэнне, Хрыстос заўсёды далучае да Сябе Царкву, Сваю ўмілаваную абранніцу, якая заклікае свайго Госпада і праз Яго аддае культ спрадвечнаму Айцу.
Таму Літургія справядліва лічыцца выкананнем святарскага абавязку Хрыста; у ёй праз бачныя знакі выражаецца і ўласцівым кожнаму знаку спосабам ажыццяўляецца асвячэнне чалавека, а Містычнае цела Ісуса Хрыста, г. зн. Галава і яе члены, выконвае цэласны публічны культ.
Таму ўсякае літургічнае служэнне як справа Хрыста Святара і Яго цела, якім ёсць Царква, – гэта першаснае сакральнае дзеянне, з плённасцю якога па ступені і вартасці не зраўняецца ніякае іншае дзеянне Царквы.
У зямной Літургіі мы як бы прадчуваем нябесную Літургію, якая будзе адбывацца ў святым горадзе Ерусаліме, да якога мы накіроўваемся як пілігрымы, дзе Хрыстос сядзіць праваруч Бога як слуга святыні і сапраўднай скініі. Разам з усім войскам нябеснай моцы мы спяваем Богу гімн праслаўлення; з пашанай згадваем святых і спадзяемся атрымаць нейкі ўдзел і еднасць з імі; чакаем Збаўцу, нашага Госпада Ісуса Хрыста, пакуль Ён не з’явіцца як жыццё наша і пакуль мы не з’явімся з Ім у славе.
Згодна з апостальскай традыцыяй, якая пачынаецца з самага дня Уваскрасення Хрыста, Царква служыць Пасхальную таямніцу кожны восьмы дзень, які слушна называе днём Госпада, або нядзеляй. У гэты дзень вернікі павінны збірацца разам, каб слухаць Божае слова, удзельнічаць у Эўхарыстыі і, памятаючы пра Муку, Уваскрасенне і славу Госпада Ісуса, дзякаваць Богу, Які іх «адрадзіў да жывой надзеі праз уваскрасенне Ісуса Хрыста з мёртвых» (1 П 1, 3). Такім чынам нядзеля – гэта першасны святочны дзень, і яго трэба так падкрэсліваць і прадстаўляць пабожнасці вернікаў, каб ён стаў таксама днём радасці і адпачынку ад працы. Паколькі нядзеля – гэта аснова і ядро ўсяго літургічнага года, яе нельга засланяць іншымі святкаваннямі, калі толькі яны сапраўды не маюць важнага значэння.
Канстытуцыя пра святую Літургію
«Sacrosanctum Concilium» Другога Ватыканскага Сабора, 7-8, 106