КАРДЫНАЛ КАНТАЛАМЕСА: ПРЫСУТНАСЬЦЬ ІСУСА ВЫЗВАЛЯЕ АД СТРАХУ У самыя змрочныя моманты нашага жыцьця п…

КАРДЫНАЛ КАНТАЛАМЕСА: ПРЫСУТНАСЬЦЬ ІСУСА ВЫЗВАЛЯЕ АД СТРАХУ

У самыя змрочныя моманты нашага жыцьця прысутнасьць Ісуса падтрымлівае нас, нагадаў у сваім трэцім велікапосным казаньні прапаведнік Папскага дому, кардынал Раньера Канталамеса.

8 сакавіка 2024 году ў ватыканскай Зале Паўла VI прагучала казаньне, з якім італьянскі капуцын зьвярнуўся да Папы і Рымскай курыі з нагоды Вялікага посту. Як паведамляе VATICAN NEWS, прапаведнік прапанаваў паразважаць над вобразам Хрыста – Добрага Пастыра, які “аддае жыцьцё сваё за авечак” (Ян 10, 11-15). Гэты вобраз займаў важнае, прывілеяванае месца ў раньнехрысьціянскім мастацтве: Добрага Пастыра адлюстроўвалі ў выглядзе маладога пастуха, які нясе на плячах авечку, моцна трымаючы яе за ногі.

У наш час вобразы Добрага Пастыра, авечак і статка ня вельмі модныя. “Ці не баіцца Ісус закрануць нашую адчувальнасьць і абразіць нашую годнасьць свабодных людзей, называючы нас сваімі авечкамі?” – запытаў прапаведнік-капуцын, дадаючы, што сучасны чалавек пагардліва адхіляе ролю авечкі і ідэю статка. Аднак, асуджаючы іх у тэорыі, на практыцы чалавек часта сутыкаецца з імі. Прэсу, тэлебачаньне, Інтэрнэт называюць сродкамі масавай інфармацыі, ня толькі таму, што яны інфармуюць масы, але і таму, што яны іх фармуюць, ствараюць. Не заўважаючы гэтага, мы дазваляем маніпуляваць сабой, пераймаем чужыя ідэалы, мадэлі дабрабыту і паводзінаў: ядзім тое, што рэкламуюць, апранаемся так, як дыктуе мода, размаўляем так, як гавораць іншыя. Калі б мы паглядзелі на сябе больш крытычным позіркам, то ў нас склалася б уражаньне, што мы, як марыянеткі, рухаемся ў фільме ў паскораным тэмпе.

Каб зразумець, што мае на ўвазе Ісус, калі абвяшчае Сябе Добрым Пастырам, а нас сваімі авечкамі, трэба зьвярнуцца да біблейскай гісторыі.
Далей гл. тут:
https://www.vaticannews.va/be/vatykan/news/2024-03/kardynal-kantalamesa-prysutnasc-ezusa-vyzvalyae-ad-strahu.html