Што здарылася? Сёння глыбокая ціша ахінула зямлю. Глыбокая ціша і пустэча. Глыбокая ціша, бо Валадар…

Што здарылася? Сёння глыбокая ціша ахінула зямлю. Глыбокая ціша і пустэча. Глыбокая ціша, бо Валадар спіць. Зямля спалохалася і сціхла, таму што Бог заснуў у целе і абудзіў тых, хто адвеку спаў. Бог памёр у целе і ўзрушыў адхлань.

Ён ідзе шукаць першага чалавека, быццам згубленую авечку; наведаць тых, хто сядзіць у змроку смяротнага ценю; каб вызваліць ад пакутаў нявольніка Адама разам з нявольніцай Евай ідзе іх Бог і Сын.

Госпад ідзе да іх, трымаючы пераможную зброю крыжа. Калі праайцец Адам убачыў Яго, усклікнуў да ўсіх, б’ючы сябе ў грудзі ад здзіўлення: «Мой Госпад з усімі». І Хрыстос адказаў Адаму: «І з духам тваім». Узяўшы яго за руку, падняў яго, кажучы: «Прачніся, які спіш, уваскрэсні з мёртвых, і Хрыстос асветліць цябе.

Я Бог твой, Які дзеля цябе стаў тваім сынам. Дзеля цябе і дзеля тых, хто павінен нарадзіцца ад цябе, Я кажу цяпер і загадваю сваёю ўладай тым, што ў кайданах: “Выйдзіце”; – тым, хто ў цемры: “Няхай вам заззяе святло”; – тым, хто спіць: “Устаньце”.

Табе, Адам, наказваю: Прачніся, які спіш. Я стварыў цябе не дзеля таго, каб ты сядзеў скаваны ў адхлані. Устань з мёртвых: Я – жыццё памерлых. Устань, справа Маіх рук; устань, Мой вобраз, які створаны на Маё падабенства. Устань, выйдзем адсюль, бо ты ўва Мне, а Я ў табе, мы адна непадзельная асоба.

Дзеля цябе Я, твой Бог, стаў тваім сынам; дзеля цябе Я, Госпад, прыняў постаць слугі; дзеля цябе Я, Які па-над небам, сышоў на зямлю і пад зямлю; дзеля цябе, чалавека, Я стаў як бездапаможны чалавек, але свабодны між памерлых; дзеля цябе, які выйшаў з райскага саду, Я быў аддадзены юдэям у алiўным садзе і ўкрыжаваны ў садзе.

Паглядзі на Маё апляванае аблічча, якое Я прыняў дзеля цябе, каб вярнуць табе твой першапачатковы дух. Паглядзі на сляды ад удараў на маім твары, якія Я цярпеў, каб аднавіць Мой вобраз у тваім знявечаным абліччы.

Паглядзі на маю спіну, зраненую бічаваннем, якое Я цярпеў, каб зняць цяжар тваіх грахоў, ускладзены на тваю спіну. Паглядзі на мае рукі, моцна прыбітыя цвікамі да дрэва дзеля цябе, які калісьці працягнуў свае рукі да дрэва.

Я спачыў на крыжы, і меч працяў Мой бок дзеля цябе, які заснуў у раі і з боку якога была створана Ева. Мой бок аздаравіў боль твайго боку. Мой сон абудзіў цябе ад сну адхлані. Мой меч зламаў меч, які вярцеўся перад табою.

Устань, пойдзем адсюль. Вораг вывеў цябе з райскай зямлі. А Я прывяду цябе ўжо не ў рай, але пасаджу на нябесны трон. Табе забаронена было прыступаць да дрэва, якое было вобразам жыцця, а Я, жыццё, злучаюся з табой. Я паставіў херувімаў, якія будуць ахоўваць цябе, як слугі, а цяпер зраблю, каб херувімы пакланяліся табе як Богу.

Ужо гатовы нябесны трон, чакаюць падрыхтаваныя слугі, абсталявана вясельная зала, пастаўлены стравы, аздоблены вечныя шатры і святліцы, скарбы дабротаў адкрыты і Нябеснае Валадарства падрыхтаванае спрадвеку».

Старажытная гамілія на Святую і Вялікую суботу