Радаўніца – дзень асаблівага ўсецаркоўнага памінання памерлых. Паходзіць ад слова Радасць – пакольк…

Радаўніца – дзень асаблівага ўсецаркоўнага памінання памерлых. Паходзіць ад слова Радасць – паколькі заўсёды прыпадае на святкаванне Вялікадня (якое працягваецца 40 дзён). Адзначаецца на 9-ы дзень пасля Вялікадня, у аўторак пасля Нядзелі Тамаша, каб раздзяліць радасць Вялікадня з роднымі і блізкімі, якія памерлі ў надзеі на ўваскрасенне і вечнае жыццё. Яна адлюстроўвае веру ў тое, што яны і пасля смерці не перастаюць быць членамі Царквы Таго Бога, Які «не ёсць Бог мёртвых, але жывых» (Мц. 22, 32).

Звычай памінаць у гэтыя дні памерлых мае аснову ў тым, што апошняя памінальная літургія, якая папярэднічала гэтаму дню, адбылася ў 4-ю суботу Вялікага посту; пасля гэтага дня ў астатні перыяд посту няма ніводнай суботы ці нядзелі, дзе ўстаў можа дапусціць служэнне памінальнай літургіі.

Устаў забараняе ў перыяд з Вялікага Чацвярга да Нядзелі Антыпасхі здзяйсняць службы за памерлых, што фактычна азначае забарону любога памінання памерлых у публічнай царкоўнай малітве ў дадзены адрэзак часу. Такім чынам, усе памінанні павінны быць перанесены на бліжэйшы дзень пасля заканчэння названага тэрміну.

Памінанне памерлых у гэты дзень здзяйсняецца таксама і на могілках, куды вернікі разам з малітвай прыносяць блізкім памерлым і ўсім хрысціянам радасную вестку аб Уваскрасенні Хрыстовым, якое прадвяшчае агульнае ўваскрасенне памерлых і жыццё “ў незаходны дзень валадарства Хрыстовага”.