22 красавіка 1794 г. у Расійскай імперыі быў прыняты ўказ аб ліквідацыі ўсялякіх перашкод для вяртання ўніятаў у праваслаўе. Да яго была дададзена пастырская грамата Мінскага, Ізяслаўскага і Браслаўскага праваслаўнага архібіскупа Віктара Садкоўскага да ўніятаў. У ім, як і ва ўказе ад 17 мая, Кацярына ІІ падкрэслівала, каб ніхто з духоўных або свецкіх іншаверных “у самім вяртанні да праваслаўя перашкод рабіць не адважыўся”.
Супраціўленне пераводу з уніяцтва ў праваслаўе аказвала не толькі ўніяцкае духавенства, але і вернікі. У 1795 г. пачаліся хваляванні. Уніяцкія святары, застаўшыся без храмаў, не аддавалі каштоўныя рэчы з іх. Некаторыя праводзілі службу ў рыма-каталіцкіх капліцах або ў сваіх былых цэрквах, нягледзячы на тое, што яны былі ўжо нанова асвячаны праваслаўнымі.