Даючы вучням уладу адраджаць у Богу, Госпад сказаў ім: «Дык ідзіце і навучайце ўсе народы, і хрысціце іх у імя Айца і Сына, і Духа Святога» (Мц 28, 19).
Гэтага Духа Бог яшчэ праз прарокаў абяцаў спаслаць у апошнія часы на слугаў, каб яны прарочылі. Таму Бог сышоў і на Сына Божага, Які стаў Сынам Чалавечым, і захацеў быць сярод чалавецтва, спачываць на людзях і жыць сярод сварэння Божага, каб выканаць волю Айца і адрадзіць людзей ад старэчы граху да новага жыцця ў Хрысце.
Як кажа св. Лука, пасля ўзнясення Госпада ў дзень Пяцідзясятніцы на вучняў сышоў Дух Святы, Які мае ўладу над усімі народамі, каб прывесці іх да жыцця і адкрыць ім Новы Запавет. Таму яны і спявалі разам на ўсіх мовах гімн Богу, а Дух Святы аб’ядноўваў аддаленыя плямёны і прыносіў іх Айцу як першую ахвяру ўсіх народаў.
Таму Госпад і паабяцаў нам паслаць Суцяшальніка, каб Ён падрыхтваваў нас для Бога. Бо як без вады нельга рашчыніць сухой мукі і зрабіць з яе адно цеста і адзін хлеб, так і мы не можам стаць адным у Хрысце Ісусе без вады, якая паходзіць з неба. І як сухая зямля не прыносіць плёну без вільгаці, так і мы, якія былі засохлым дрэвам, ніколі не прынеслі б пладоў жыцця без дажджу, спасланага воляй нябёсаў.
Нашыя целы праз купель, якая дае нам нятленнасць, атрымалі еднасць, а душы нашыя аб’яднаў Дух Святы.
Дух Божы сышоў на Госпада, «Дух мудрасці і разумення, Дух парады і мужнасці, Дух пазнання і пабожнасці, Дух боязі Божай» (пар. Іс 11, 2). Госпад даў Царкве гэтага Духа, спасылаючы для ўсёй зямлі Суцяшальніка з неба туды, куды, паводле слоў Госпада, «д’ябал падаў, як маланка» (пар. Лк 10, 18). Таму нам неабходна гэтая Божая раса, каб мы не былі спаленыя і не аказаліся бескарыснымі. А калі ў нас ёсць абвінаваўца, ёсць і Абаронца. Госпад даручыў Духу Святому чалавека, які патрапіў у рукі злодзеяў. Госпад Сам пашкадаваў яго, перавязаў ягоныя раны, даў яму два каралеўскія дынары. А мы, атрымаўшы дзякуючы Духу Святому вобраз і падабенства Айца і Сына, павінны памножыць дадзены нам дынар, а памножаны вярнуць Госпаду.
Св. Ірыней Ліёнскі