24 ліпеня – памяць св. Шáрбеля, Ліванскага цудатворцы, якога называюць другім Антонам Вялікім, Кедра…

24 ліпеня – памяць св. Шáрбеля, Ліванскага цудатворцы, якога называюць другім Антонам Вялікім, Кедрам Ліванскім, што з маленькага зернейка вырас да нябёсных аблокаў.

Ліванскіх хрысціянаў усходняга абраду, да якіх належаў св. Шарбель, называюць маранітамі. Іх назва паходзіць ад імя св. Марона, які жыў у V ст. Мараніты – адзіная ўсходняя хрысціянская царкоўная супольнасць, якая заўсёды знаходзілася ў еднасці з Рымскім Апостальскім Пасадам.

Нарадзіўся Юсэф Маклуф у беднай шматдзетнай вясковай сям’і на поўначы Лівана 8 траўня 1828 г. З дзіцячых гадоў адчуваў цягу да манаскага жыцьця. У веку 23 гадоў ён пакінуў мітусню гэтага свету і прысвяціў сябе жыццю ў малітве, посце і няспанні, цалкам наследуючы дух і жыццё старажытных пустэльнікаў — Антона Вялікага, Макара Егіпецкага, Бенядыкта Нурсійскага і іншых праслаўленых святых, правёўшы ў гэтай аскезе 47 гадоў (23 з іх – у пустэльніцтве, у скіце святых Пятра і Паўла), г.зн. усю рэшту свайго жыцця.

Манаскае імя Шарбель было дадзена Юсэфу Маклуфу ў гонар Эдэскага мучаніка, які памёр у пачатку II ст. У манастыры Шарбель адразу стаў весці суровы, аскетычны лад жыцця. 23 ліпеня 1859 г. ён быў высвечаны на святара і павінен быў апекавацца вернікамі найбліжэйшых сёлаў. Разам з пастырскай працай ён займаўся і фізічнай працай на манастырскіх палях.

Палюбіўшы Хрыста і беднасць дзеля Яго, св. Шарбель атрымаў ад Бога ласку цудатварэнняў – дапамогі людзям у самых цяжкіх, безвыходных сітуацыях. Менавіта гэты дар і праславіў яго на ўвесь свет, хоць свой манаскі подзвіг ён здзяйсняў у невялікім манастыры св. Марона ў горным Ліване, у невялікім мястэчку Аная.

На знак пакаяння ён насіў вярыгі і валасяніцу, выконваў строгі пост і маліўся па начах. Шарбель памёр напярэдадні Раства 1898 г., пасля васьмідзённых пакутаў, якія пераносіў з найвялікшым цярпеннем і з нястомнай малітвай на вуснах. Ён быў пахаваны ў дзень Раства Хрыстова.

З 1926 г. манахі-мараніты з дазволу Апостальскай Сталіцы пачалі афіцыйна збіраць звесткі пра святасць жыцця Шарбеля і цуды, здзейсненыя па яго малітвах, для яго кананізацыі. У чэрвені 1956 г. на падставе сабраных і дасланых у Рым дакументаў было афіцыйна пацверджана, што жыццё Шарбеля Маклуфа было сапраўдным подзьвігам і адрознівалася хрысціянскімі дабрадзейнасцямі. Затым былі разгледжаныя і цуды, здзейсненыя па хадайніцтве Слугі Божага Шарбеля. 5 снежня 1965 г. у базыліцы св. Пятра айцец Шарбель быў прылічаны да ліку блаславёных.

9 кастрычніка 1977 г. Папа Рымскі Павел VI залічыў ліванскага манаха Шарбеля Маклуфа да святых. Магіла св. Шарбеля – адно з самых наведвальных месцаў паломніцтва на Блізкім Усходзе. 28 жніўня 2017 г. у ліванскі горад Фарая была прывезена манументальная 23-метровая статуя св. Шарбеля. Яна была ўстаноўлена на вяршыні ўзгорка непадалёк ад высокага жалезнага крыжа, узведзенага ў 1951 г. Ікона св. Шарбеля сёння ёсць у некаторых каталіцкіх храмах Беларусі. У беларускай грэка-каталіцкай царкве ў Антвэрпэне (Бельгія) св. Шарбель ушанаваны іконай у іканастасе, перад якой ко