Мы, канечне, радыя, што шаноўныя эксперты яшчэ 20 дзён будуць цешыцца выдатнай беларускай прозай, атрымліваць асалоду ад прыгожай і багатай беларускай мовы, якой напісаны гэты, не пабаімся сказаць, вялікі твор беларускай літаратуры XXI стагоддзя, які дакладна ўвойдзе ў канон сусветнай літаратуры.
Аднак ёсць і сумны момант. Мы вельмі разлічвалі на продажы гэтай кнігі. Нашы банкаўскія рахункі па-ранейшаму заблакаваныя. З-за адсутнасці новых кніг-бестселераў нашы продажы з красавіка значна ўпалі, унутраныя рэсурсы амаль вычарпаныя. Цяпер мы рэальна аказаліся пад пагрозай спынення дзейнасці.
!!! Мы просім вашай падтрымкі, і з гэтай мэтай абвяшчаем татальны распродаж нашых кніг у краме www.januskevic.by, які працягнецца да 14 траўня.
У нас вялікія выдавецкія планы, і наша работа па перадвыдавецкай падрыхтоўцы кніг не прыпыняецца. Нам ідуць насустрач праваўладальнікі замежных твораў, даючы адтэрміноўку плацяжоў, партнёры ў краіне таксама збольшага ставяцца да нашай сітуацыі з разуменнем.
У бліжэйшы час павінны выйсці “Сараеўскае Мальбара” Міленкі Ергавіча (Харватыя) і “Сёння я не хацела б з сабой сустракацца” нобелеўскага лаўрэата Герты Мюлер. Ідзе праца над перакладамі новых кніг пра Гары Потэра (“Вязень Азбакана”) і Ведзьмара (“Кроў эльфаў”), “Зорнымі дзённікамі” Станіслава Лема. Восенню мы плануем выдаць шыкоўны раман Дамінікі Словік (Польшча) “Зімоўля”, славутую “Восень патрыярха” Габрыеля Гарсія Маркеса, ашаламляльны бестселер Шчэпана Твардаха (Польшча) “Кароль”.
Для дзетак рыхтуем новыя кнігі Эрвіна Мозэра і Святланы Татарнікавай.
Мы вядзём перамовы над беларускім выданнем новага рамана Салі Руні (Ірландыя), аднаго з твораў Кормака Макарці (ЗША) (пакуль таямніца!). А неўзабаве, спадзяёмся, раскажам увогуле пра “бамбічэскую” падзею.
Нас пастаянна штурмуюць чытачы з пытаннем, калі ж стане даступным новым выданне “Сабак Эўропы”, і пакуль нічога не можам сказаць, апрача таго, што трэба пачакаць з навінамі недзе да 26 траўня…
І напрыканцы. Будзе новая кніга Альгерда Бахарэвіча. “Хлопчык і сьнег”. І гэта вельмі радуе.