Пасьля таго, як у суботу Злучаныя Штаты Амэрыкі адмянілі санкцыі ў дачыненьні да беларускіх калійных угнаеньняў, міністэрства замежных спраў Літвы адзначыла, што ў Эўрапейскім зьвязе гэтае пытаньне не абмяркоўваецца, перадае LRT.
«ЗША прымаюць самастойныя рашэньні пра санкцыі ў дачыненьні да беларускага рэжыму, якія не зьвязаныя з санкцыямі з боку Эўрапейскага зьвязу. У ЭЗ не вядзецца ніякіх абмеркаваньняў пра адмену санкцый у дачыненьні да беларускага рэжыму», — гаворыцца ў камэнтары міністэрства.
У ім таксама падкрэсьліваецца, што ні адна з прычын, паводле якіх ЭЗ пачаў прымяняць санкцыі да Беларусі, ня зьнікла: 1️⃣ унутраныя рэпрэсіі, 2️⃣ ушчамленьне дэмакратыі, 3️⃣ інструмэнталізацыя міграцыі, 4️⃣ дапамога Расеі ў агрэсіі супраць Украіны, 5️⃣ камбінаваная гібрыдная атака.