Давайце гіпатэтычна ўявім такую сітуацыю, што Кіеў распачне ў Беларусі нешта накшталт Курскай аперацыі.
Нанясе ўдары па вайсковых аб’ектах, перш за ўсе расейскіх, на тэрыторыі Беларусі і створыць дэмілітарызаваную зону да 10 км., у глыбь, на тэрыторыі Беларусі з цэнтрам кіраваньня нпр., у Лоеве. (Не абавязкова, што такая сітуацыя можа здарыцца, але вайна справа непрадказальная).
Які сьцяг будзе разьвівацца ў тым жа Лоеве, ці Брагіне? Думаю, што украінскі, а не нацыянальны беларускі, як і вайсковая адміністрацыя будзе складацца з украінскіх вайскоўцаў.
Чаму?
Таму, што апазіцыя так і не стварыла уплывовага вайскова-палітычнага суб’екту, з якім Кіеў мог бы лічыцца хаця бы ў палітычным плане. Я ўжо не кажу пра сталы кантакт з апазіцыйным прадстаўніцтвам і яго ўдзел у распрацоўцы стратэгічнага плану імавернай аперацыі па вызваленьню Беларусі.
Ні “кабінет”, ні “кс”, ні “офіс” не могуць быць нават умоўным “партнэрам”, які мог бы аказваць палітычную, ці ідэалагічную падтрымку для такіх дзеяньняў і сцэнароў, быць, як кажуць у кантакце і каардынацыі. За 2 гады такая магчымасьць была цалкам страчана.
Не гатовыя гэтыя структуры і да таго, каб стварыць аб’яднаную вайскова-палітычную адміністрацыю, з перспектывай далейшага вызваленьня Беларусі менавіта пад беларускім сьцягам у мястэчку Лоева.
Такі нацыянальны рэалізм мог бы стаць штуршком для далейшых крокаў.
І нават, калі такі сцэнар быў бы толькі тэорыяй, такога ўзроўню супрацоўніцтва і ўзаемадзеяньне магла б быць карысным элементам ІПСА супраць рэжыму Лукашэнкі.
У Кіева таксама было б разуменьне на каго абаперціся і з кім працаваць, у выпадку крызісных падзей у Беларусі.
Апазіцыйнае прадстаўніцтва павінна было таксама кансультаваць такі сцэнар з Заходнімі партнэрамі, каб тыя проста хаця б не перашкаджалі.
Так ці інакш, апазіцыя павінна мець суб’ект-людзей, план-стратэгію, каналы сталай камунікацыі на выпадак такіх падзей. Але нічога такога нават блізка няма.
Далей. Суб’ектнасьць азначае наяўнасьць людзей (лічыце палявы ўрад), якія паедуць у Кіеў, а потым у Лоеў пад час абвастрэньня. І гэты ўрад павінен мець ясную павестку таго, што трэба рабіць далей у тым ліку план для беларускага грамадства, знаходзячыся ужо фізычна на кавалаку вызваленай зямлі ў Беларусі.
Вось тут і павінны былі запрацаваць розныя планы-стратэгіі, кшталту :”Перамога”, “Нацыянальны страйк”, “Сабатаж”, “Беларускае падпольле”, “Вайсковы бунт”, пашыраная актыўнасьць Кібераў і Be/ypola. Такім чынам была б створана максімальна крытычная для Лукашэнкі сітуацыя.
Больш таго, беларускае грамадства павінна быць загадзя інфармацыйна падрыхтаваным (праз медыя рэсурсы) да такой магчымасьці, хаця б прыблізна арыентавацца ў сцэнары падзей.
Я ўжо не кажу пра рэальнага (а не папяровы) лідэра (калектыўнага лідэрства), які возьме на сябе адказнасьць у межах гэтага сцэнару.
Але дзе ўсе гэтыя рэсурсы і актывы? Дзе інструменты і каардынацыя? Збольшага ўсе зьнішчана і паралізавана, я ўжо не кажу пра давер і эфектыўную каардынацыю.
Наяўнасьць і дзейнасьць вайскова-палітычнага суб’екту, як і планы, кансультацыі з украінцамі, стратэгічнвя гульні, такім чынам, паказалі б рэальную волю па вызваленьню Беларусі, рэальную арыентацыю на барацьбу.
Зараз зусім нябачна людзей ні ў офісе, ні ў кабінеце, ні ў кс, якія б маглі заняцца дадзенай справай. Іх проста няма.
Сахашчык і Ко, пад час сваей дзейнасьці адкрыта выступалі супраць сілавога сцэнару па скіданьню дыктатуры. Тармазіліся важныя працэсы па стварэньню палітычнага- вайсковага заплечча і мабілізацыі. У выніку, АПК прыйшоў да банкруцтва.
ППК – Рада Бясьпекі
Адзіным суб’ектам на які можна было абаперціся ў такой аперацыі мог быць Полк імя К. Каліноўскага, але да сеньняшняга дня, на жаль, так і не ўтварыўся вайскова-палітычны суб’ект, які мог бы заявіць пра гатовасьць узяць на сябе адказнасьць на выпадак рэалізацыі такога сцэнару.
Хаця дэкларацыі пра ўласную палітычную ролю і мейсца ў беларускай апазіцыі рабіліся неаднакротна.