ЗВАЖАЙ! КРОКАМ РУШ!Мы добра ведаем, што на самой справе Беларусь ня мае сапраўднага войска, каторае …

ЗВАЖАЙ! КРОКАМ РУШ!

Мы добра ведаем, што на самой справе Беларусь ня мае сапраўднага войска, каторае ў выпадку небясьпекі здольнае абараніць краіну. Тое картоннае непаразуменьне што зараз у Беларусі, насамрэч з’яўляецца нейкім прыдаткам войска расейскага.

Карані гэтай з’явы растуць яшчэ з савецкіх часоў, калі ў 1938 г дзьве Беларускія стралковыя дывізіі напрост згарнулі і прыбралі тым самым магчымасьць у беларускіх вайскоўцаў карыстацца беларускай мовай – а няма чаго нерасейскім рэспублікам нагадваць пра суверэнітэт.

Нават калі Беларусь атрымала незалежнасць, беларускае войска, у адрозьненні ад войск постсавецкіх рэспублік, так і не перавялі на нацыянальную мову. А між іншым, выкарыстаньне нацыянальнай мовы ў войску ёсьць адным з важных чыньнікаў бясьпекі гэтага войска (гл. выяву ў нашым посьце) “Пры Казлоўскім і Кебічу ў войску ўжо пачалі вучыць мову і пераходзіць на яе. А потым Лукашэнка пачаў публічна дыстанцыявацца ад беларускай мовы…”

Здавалася б, на дзяржаўным ўзроўні лягчэй за ўсё беларускую мову ўвесьці ў войску ды міліцыі: далі загад – выканалі загад. Але Расеі гэта ня выгадна, ёй зручней, каб беларускае войска заставалася расейскамоўным – у выпадку неабходнасьці здымай беларускіх камандзіраў ды замяняй на сваіх марыянетак.

Тым ня менш, спробы выкарыстоўваць беларускую вайсковую тэрміналёгію былі. Амаль адначасова выйшлі ажно два вайсковыя слоўнікі: у 1996 г пад рэдакцыяй Уладзімера Язэпчыка і Міколы Крыўка (дастаткова кансерватыўны), а ў 1997 г пад рэдакцыяй Станіслава Судніка і Сяргея Чыслава (складзены без аглядкі на стэрэатыпы).

І вось нарэшце спраўдзілася! Зараз створаныя ажно два беларускія палкі. Створаныя на тэрыторыі суседняй Украіны. Створаныя насуперак нежаданню дзеючай беларускай ўлады мець патрыятычнае войска. Створаныя сапраўдныя вайсковыя фармаваньні, здольныя ваяваць і абараняць, бо змагаюцца там сапраўдныя патрыёты. І ўся Беларусь з трымценьнем глядзіць на нашых ваяроў і бачыць надзею. Надзею на сваё сапраўднае войска і моцную абарону.

P.S. Нашая сьмелыя ваяры, мы вельмі перажываем і заўзеем за вас. Вы з’яўляецеся прыкладам для ўсёй Беларусі. Мы бачым па вашых роліках, што вы актыўна ўжываеце беларускую мову, і нас гэта вельмі цешыць. Распавядзіце, калі ласка, а ці ўжываеце вы беларускія вайсковыя каманды? Са свайго боку хочам сказаць, што калі ёсьць неабходнасьць у перакладах – дайце знак, і мы вам абавязкова дапаможам.

P.S. Сябры, вы можаце падтрымаць нашых вайскоўцаў ва Ўкраіне

РазМова