​​Суб’ектнасць, уплыў дыяспары, адказнасць рэжыму, палітвязні. Ціханоўская агучыла чатыры прыярытэты…

Суб’ектнасць, уплыў дыяспары, адказнасць рэжыму, палітвязні. Ціханоўская агучыла чатыры прыярытэты працы Офіса і Кабінета

Сёння Святлана Ціханоўская выступіла на Канферэнцыі беларусаў II, дзе агучыла галоўныя прыярытэты працы Офіса і Аб’яднанага Пераходнага Кабінета:

1. Адбудоўванне беларускай суб’ектнасці

«Гэта няпроста, таму што мы ва ўнікальнай сітуацыі: мы народ краіны, якая нам не належыць. Мы змагаліся за тое, каб беларусаў і рэжым падзялялі, і ў нас ёсць поспехі. Але цяпер перад намі яшчэ большы выклік. Менавіта для гэтага існуе Офіс, Аб’яднаны Пераходны Кабінет і Каардынацыйная Рада. Гэта структуры, якія ўзмацняюць палітычную суб’ектнасць беларусаў».

2. Павелічэнне ўплыву дыяспары на падзеі і працэсы ў Беларусі

«Я думаю, мы з вамі разумеем, што разрыў паміж беларусамі ўнутры краіны і звонку павялічваецца. Многія праекты, медыя, ініцыятывы паступова становяцца ўсё больш скіраваныя на абмеркаванне і вырашэнне нашых мясцовых праблемаў, з-за чаго расце гэтая адлегласць. Але ў Беларусі ўсё так жа шмат людзей, якія хочуць пераменаў. Але ці лічаць гэтыя людзі, што мы з вамі прадстаўляем іх інтарэсы? Нашая з вамі праца – адказаць на гэтае пытанне, даць беларусам у краіне пачуццё пляча, быць крыніцай веры ў будучыню, інфармаваць і дапамагаць».

3. Прыцягненне рэжыму да адказнасці і ціск

«Мы пакуль далёкія ад пачатку трыбуналу па Беларусі для Лукашэнкі і прадстаўнікоў ягонага рэжыму. Але рыхтуем да гэтага глебу ўжо сёння. Бо сілавікі, суддзі, пракуроры, чыноўнікі пры ўладзе павінны адчуваць, што ў іх дзеянняў будуць наступствы. Што кожны прысуд на гады нявінным людзям – гэта злачынства, за якое ў будучыні давядзецца адказаць. Перамовы пачнуцца толькі тады, калі гэтыя людзі адчуюць, што пагроза панесці пакаранне, быць прыцягнутым да адказнасці рэальная».

4. Вызваленне палітзняволеных і дапамога іх сем‘ям

«Мы разумеем, што трэба шукаць спосабы вызваляць людзей ужо зараз. Мы ўздымаем гэтае пытанне кожны дзень. Нам трэба дабівацца паляпшэння ўмоваў у турмах. Лабіяваць дапамогу для рэпрэсаваных і іх сем’яў. Шукаць спосабы вызвалення цяжка хворых і ўразлівых групаў».

Увесь выступ можна прачытаць па спасылцы.