З 12 па 14 траўня ў Таліне адбылася міжнародная спартыўная канферэнцыя “Athletes for Peace and Freedom” з удзелам спартоўцаў, палітыкаў, актывістаў і спартовых экспертаў.
Яе найгалоўным вынікам стаў праект дэкларацыі, распрацаваны сумеснымі намаганнямі ўдзельнікаў, які будзе накіраваны міжнародным спартовым арганізацыям, у тым ліку Міжнароднаму алімпійскаму камітэту, дзеля абароны спартовых каштоўнасцей і стварэнню жорскай пазіцыі ў дачыненні да атлетаў, якія прадстаўляюць краіны-агрэсары ў вайне супраць Украіны.
Такім чынам дакумент дэкларуе:
Мэта алімпізму — паставіць спорт на службу гарманічнаму развіццю чалавецтва для садзейнічання мірнаму грамадству, якое клапоціцца аб захаванні чалавечай годнасці;
Спартоўцы валодаюць высокім сацыяльным капіталам і выступаюць у ролі лідэраў грамадскай думкі, што азначае асаблівую адказнасць быць амбасадарам міру, свабоды, дэмакратыі і правоў чалавека;
Спартоўцы, якія падтрымліваюць або прадстаўляюць тыранію, не павінны быць у лепшым становішчы, чым спартоўцы, якія выступаюць супраць яе, бо гэта супярэчыць каштоўнасцям, якія прасоўвае алімпійскі рух.
Таму ўдзельнікі канферэнцыі лічуць неабходным:
Асудзіць акт агрэсіі, які з 2014 года працягвае РФ супраць Украіны, да якога з 2022 года далучыўся лукашэнка.
Заклікаць МАК і федэрацыі прыняць меры для спынення выкарыстання спорту дзеля прапаганды — устанавіць дакладныя крытэрыі допуску атлетаў з РФ і РБ:
1. Спартоўцы павінны падпісаць публічны дакумент аб асуджэнні вайны.
2. Спартоўцы павінны спаборнічаць выключна як нейтральныя атлеты ў індывідуальных заліках.
3. Спартоўцы з кантрактамі ў сілавых структурах РФ або РБ не могуць браць удзел у спаборніцтвах.
4. Спартоўцам забаронена карыстацца дзяржаўным фінансаваннем.
5. Пажадана, каб спартоўцы зрабілі ахвяраванні ў падытрмку ЗСУ ці ўкраінскага народу.
Прызнаць права Украіны байкатаваць міжнародныя спаборніцтвы.
Дабіцца прызнання вайны ва Украіне з боку МАК вайной, а не “канфліктам”.
Дазволіць беларускім спартоўцам, якія адпавядаюць усім крытэрыям допуску, спаборнічаць пад нацыянальным бел-чырвона-белым сцягам.
Поўны спіс і тэкст дэкларацыі можна знайсці па спасылцы
Дэкларацыя будзе накіравана ў міжнародныя спартовыя арганізацыі і федэрацыі, у тым ліку МАК, НАКі краін і спонсараў алімпійскага руху.